Алег Мацкевіч: Мой зварот у пракуратуру патрапіў, як кажуць, у мэйнстрым

Пракуратура Мінскай вобласці адказала на зварот барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча, які прасіў правесці праверку па факце трагічнай гібелі салдата ў барысаўскай вайсковай часці, што знаходзіцца ў Печах.

mackevich4_2.jpg


З адказу, дасланага старшым пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры вобласці Д. Кузняцовым, можна зрабіць выснову, што пракуратура ўважліва сочыць за расследваннем трагічнага здарэння і… нават правяла адмысловую праверку.
“Пракуратурай вобласці праведзеная пракурорская праверка, у ходзе якой, апрача іншага, выяўленыя парушэнні заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў і суіцыдальных выпадкаў сярод ваеннаслужачых. Па выніках праверкі правамоцнаму камандаванню ўнесена прадстаўленне, у якім патрабавана прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недапушчэнні іх у будучым, пастаўлена пытанне аб прыцягненні шэрагу службовых асоб да адказнасці,” – паведамляецца праваабаронцу.Дзмітрый Кузняцоў таксама паведамляе, што галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі праводзіцца папярэдняе следства па крымінальнай справе, узбуджанай у сувязі з гібеллю Коржыча А.

mackevich_prakuratura_voiska.jpg

Алег Мацкевіч, каментуючы вынікі звароту ў пракуратуру, адзначае, што патрапіў, як кажуць, у мэйнстрым, калі ўжо "ў грамадстве і на самым версе ўзняўся сапраўдны “кіпеш” вакол трагедыі ў Печах і пракуратура проста вымушаная была рэагаваць і праводзіць праверку. І таму тут мая заслуга мінімальная. А вось калі б справа не атрымала такі шырокі розгалас, дык сумняюся, што пракуратура там надта б шчыравала".
Трагедыя ў Печах не пакінула абыякавым праваабаронцу, ён падаў заяўку на правядзенне 30 кастрычніка пікета на цэнтральнай плошчы горада, каб патрабаваць адстаўкі міністра абароны і іншых адказных вайскоўцаў, аднак Барысаўскі выканкам адмовіў праваабаронцу Алегу Мацкевічу ў яго правядзенні.
На пікет Мацкевіч выйшаў, быў затрыманы, і за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь.
spring96.org