Алег Трусаў: Большасць жыхароў Беларусі ставяцца да роднай мовы як да святыні
Сябра рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў, чаму сёння сустракаюцца беларусы, якія абразліва ставяцца да роднай мовы.
![trusau_5.jpg trusau_5.jpg](/img/v1/images/trusau_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як вядома, трэнер
дзіцяча-спартыўнай школы Іна Кардабнёва з аграгарадка Ціманава пад Клімавічамі
“праславілася” пасля таго, як запісала абразлівае відэа пра беларускую мову.
Пасля гэтага яе выклікалі на размову ў райвыканкам, а таксама жанчыну публічна
асудзіў старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.
Адкуль бяруцца тыя, каму ў радасць абразіць беларускую мову?
Алег Трусаў распавёў пра гэта Радыё Рацыя:
— Гэтая дзяўчына — прадукт расейскай прапаганды, а, магчыма, і расійскіх сілавікоў. Мне падаецца, што за ёй нехта стаіць. Напрыклад, яна сцвярджае, што ёсць дзве сапраўдныя мовы — руская і ўкраінская, хваліць іх.
Звычайна кабета, якая жыве ў нейкіх Клімавічах і наўрад ці чула нармальную ўкраінскую мову, увогуле пра яе не ўспомніла б. Яна б сказала проста: “Беларуская мова кепская, давайце ад яе адмовімся”.
Але ж тут ужо гучыць тэма Украіны, і я бачу, што гэта не проста так. Не выключана, што ёй загадалі ўбіваць клін у беларуска-ўкраінскія стасункі. Не веру, што гэта самадзейнасць асобнай жанчыны з Клімавіч. Я — палітык вопытны, таму бачу тут расейскі след. Камусьці трэба пасварыць беларусаў з украінцамі, і гэтыя спробы нас пасварыць ідуць яшчэ з часоў Савецкага Саюза. І вось зараз гэтае супрацьстаўленне ізноў загучала.
— Але адлуп у каментарах ёй далі добры…
— Адлуп далі вельмі моцны, хаця месцамі выказванні былі не зусім цывілізаваныя. Але я заўважыў, што шмат беларусаў устаўлялі мазгі трэнеру на рускай мове.
Адным словам, народ, які яшчэ не гатовы гаварыць па-беларуску, лічыць беларускую мову нацынальнай каштоўнасцю ў адрозненні ад гэтай кабеты. Мы дайшлі да таго ўзроўню, што большасць жыхароў Беларусі ставяцца да роднай мовы, як да святыні, а не як да калгаснай мовы, што было ў Савецкім Саюзе. Амаль 30 гадоў незалежнасці ўсё-такі павярнулі свядомасць нацыі ў іншы бок.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя
https://www.racyja.com/hramadstva/aleg-trusau-bolshasts-zhykharou-belaru/