«Не любіш мову? Не любі моўчкі!» За абразу беларускай мовы карыстальніка Фэйсбука прыцягнуць да адказнасці
Пра гэта паведамляецца ў адказе Мінгарвыканкама на скаргу неабыякавых грамадзян.
Гомельскі юрыст Яўген Скочкаатрымаў адказ Мінгарвыканкама на сваю заяву пра абразы беларускай мовы, якія пісаў у сацсетцы Фэйсбук карыстальнік Уладзімір Кажэўнікаў.
«Шчэ адзiн дзяяч захацеу быць пакараны па арт 9.22 КаАП РБ за абразу дзяржаунай мовы. Вось адказ Менгарвыканкаму на маю заяву, скрыншоты самога правапарушэньня i крыху яшчэ для агульнай характарыстыкi aсобы правапарушальнiка. Ён ужо, дарэчы, за падобнае быу замешаны у скандале з удзелам мiнiстэрства абароны», — напісаў у сябе на старонцы Яўген Скочка. Таксама Яўген далучыў скрыншоты каментароў і фота адказу Мінгарвыканкама.
З адказу вынікае, што асоба грамадзяніна, які пакідаў абразлівыя каменты, устаноўлена і заява Яўгена Скочкі накіравана ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна для падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
«Не любiш беларускую мову? НЕ ЛЮБI МОУЧКI!» — перакананы Яўген Скочка. «Новы Час» будзе сачыць за гэтай справай і яе вынікам.
У канцы мінулага года атрымала розгалас гісторыя з мінскай IT-супрацоўніцай Вольгай Малкінай, якая атрымала штраф за абразу беларускай мовы (паводле Артыкула 9.22 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб мовах»). Дзяўчына таксама пісала абразлівыя каменты ў дачыненні да беларускай мовы ў сацсетцы Фэйсбук.