Алена Якжык: Пасля публікацыі сям’ю перасялілі з аварыйнага дома
Сённяшняя гісторыя – ад журналісткі газеты «Салідарнасць» Алены Якжык.
– У 2011 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў ладзіла
прэс-тур у Салігорскі раён з наведваннем вёсак, што знаходзяцца ў непасрэднай
блізкасці ад руднікоў па здабычы солі. Там уздымалася шмат праблем – прасяданне
глебы пасля распрацовак і г.д.
Вяртаючыся з прэс-тура, мы спыніліся паабедаць у нейкай кавярні ля вёсцы Старыя Цярушкі. Ля кавярні нас заўважылі жыхары вёскі і распавялі, што ў адной з мясцовых жанчын ёсць вялікая праблема. Па іх меркаванні, вельмі добра было б, каб журналісты там пабывалі і напісалі пра гэта. Мы не сталі адкладваць і паехалі ў гэты дом.
А справа была ў тым, што даярка СПК «Рашаючы» Вікторыя Еўсцягнеева разам з двума малымі дзецьмі жыла ў жахлівым доме, які ёй выдзеліла гаспадарка. Гэта было цяжка перадаць словамі, бо ўмовы былі проста невыносныя.
Такога дома і бамжу не пажадаеш. Дастаткова прахалодна было на вуліцы, пры гэтым усе вокны ў доме былі залеплены нейкай газетнай паперай, проста па сценах цякла вада... Я дазванілася нават да старшыні гэтага СПК, які заявіў, што нібыта даўно займаецца пытаннем. Але ў супрацьвагу гэтага ў нас былі фотаздымкі пустых новых дамоў у гэтым жа аграгарадку.
Я вырашыла напісаць пра гэта ў самую першую чаргу, а потым ужо вяртацца да тэмы салігорскіх вёсак. Матэрыял адразу ж разышоўся па многіх СМІ і выклікаў вялікае абурэнне чытачоў. Да нас дайшла інфармацыя, што сітуацыя вельмі хутка стала тэмай для нарады ў Салігорскім райвыканкаме.
І ў выніку нашай публікацыі Вікторыі Еўсцягнеевай нарэшце выдзелілі нармальнае жытло. Пасля гэтага мая калега Таццяна Гусева вырашыла наведаць гэту сям’ю. Вы не ўяўляеце, якімі шчаслівымі і ўдзячнымі былі гэтыя людзі за нашу дапамогу ў вырашэнні гэтага складанага для іх пытання.
Гэта была самая вялікая ўзнагарода для нас, журналістаў!
Паводле сайта БАЖ