Алесь Бяляцкі і «Вясна» ўганараваныя прэстыжнай міжнароднай прэміяй

Сёння, 1 кастрычніка, шведскі фонд Right Livelihood Award Foundation назваў лаўрэатаў штогадовай прэміі «За годны лад жыцця–2020».

Фотакалаж: ostgruppen.se

Фотакалаж: ostgruppen.se

Сярод чатырох лаўрэатаў — беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі.

Алесь Бяляцкі і сябры «Вясны» неаднаразова падвяргаліся пераследу з боку ўладаў за ахвярную праваабарончую дзейнасць. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі. Пад ціскам беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці ўлады былі вымушаны вызваліць Алеся датэрмінова летам 2014 года.

Сёння ў СІЗА №1 г. Мінска знаходзіцца каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» — Марфа Рабкова. Яна абвінавачваецца ў «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці» (ч. 3 арт. 293 Крымінальга кодэкса).

Каментуючы ўручэнне міжнароднай прэміі Алесь Бяляцкі сказаў:

Прэмія, якой мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства, якое сёння хоча дэмакратычных зменаў, якое дабіваецца, каб правы чалавека ў Беларусі шанаваліся і выконваліся.

Прэмія «За годны лад жыцця» (The Right Livelihood Award) — прэмія фонду Right Livelihood Award Foundation, заснаваная ў 1980 годзе журналістам Якабам фон Юкскуллем. Уручаецца штогод, звычайна 9 снежня, «за дзейнасць над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэннямі найбольш вострых праблем сучаснасці». Міжнароднае журы прысуджае прэміі ў такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя.

 spring96.org