Алесь Краўцэвіч: Ці можа беларушчына «накрафціць» Суворава і Сталіна?

Гісторык і папулярызатар гісторыі Алесь Краўцэвіч адрэагаваў на тэкст сацыёлага Генадзя Коршунава пра беларушчыну і аспект роднай мовы ў ёй.

img_9937_logo_1_1.jpg

«Сацыёлаг Генадзь Коршунаў прапанаваў стрыжнёвае слова, якое можа аб'яднаць беларусаў — беларушчына. Але... Можна і без мовы. Атрымаўся чарговы варыянт заходнерусізму. Мне як гісторыку цікава, а ці быў бы, напрыклад, Ізраіль без іўрыта?» — разважае Алесь Краўцэвіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку. 

— Тэма ўжо не новая, і зрэшты асабліва ў нашым рэгіёне выдатна бачна, якая сітуацыя ў краінах, дзе адразу вярнуліся да сваіх моў і адкінулі далейшую расеізацыю, і якая там, дзе расейшчына квітнела. Тэорыі тэорыямі, а на практыцы бачна. І заўвага пра заходнерусізм (які якраз квітнее ў Беларусі) таксама трапная.

Аднак спадар Коршунаў піша яшчэ: «Для мяне як сацыёлага ў такой сімвалічнай свабодзе беларушчыны ёсць яшчэ адна безумоўная перавага. Яна палягае ў тым, што пры такім падыходзе людзі могуць будаваць беларушчыну самі, могуць крафціць і кастамізаваць. Гэта беларушчына з адкрытым кодам, які не толькі дае індывідуальную свабоду, але і не дазваляе ідэалізаваць ні час за саветамі, ні эпоху ВКЛ, ні гады саспелага лукашызму. Гэта па-першае».

Гучыць папулісцка, аднак пры такім падыходзе і ва ўмовах узмоцненай расеізацыі хай пазней не будзе здзіўлення, што пад беларушчынай нехта «накрафціць» Суворава і Сталіна як «освободителей» бедных беларускіх мужыкоў у лапцях ад злых паноў тыпу Касцюшкі (хаця гэта стары расейскі наратыў) і пазней будзе прыкрывацца вось такім рэлятывізмам. Так што асцярожна з прапановамі такога безадказнага міксавання зместу і адсутнасці стрыжня, эфект ад чаго якраз і бачна сёння ў Беларусі.