Анархісты выступілі ў падтрымку квір-фестываля «Дотык»

Беларускія анархісты выпусцілі заяву ў падтрымку фестываля квір-культуры "Дотык", які трапіў пад ціск чыноўнікаў.

dotyk_800x445__1_.jpg


Як паведамляецца ў заяве, апублікаванай на сайце анархістаў "Прамень", у дзень правядзення мерапрыемства арганізатары сутыкнуліся з нечаканай праверкай, пасля чаго памяшканне было апячатана. Па часе гэта супала з датамі святкавання праваслаўнай Пасхі. На погляд анархістаў, гэта ёсць "аказанне ціску на свабоду самавыражэння і спроба задушыць усе "ненарматыўныя" ініцыятывы".
Таксама анархісты прыгадваюць налёты АМАПу на ЛГБТ-вечарыны і тое, як некалькі месяцаў назад на прэзентацыі журнала Makeout міліцыя прымусіла пакінуць мерапрыемства ўсіх непаўнагадовых а таксама забрала выданы журнал на экспертызу.
Як пішуць анархісты ў сваей заяве, "ЛГБТК+ - людзі ў Беларусі часта вымушаныя не рабіць такія выпадкі пубічнымі, так як для іх гэта звязана з неабходнасцю зрабіць камін-аут. Таму карным ворганам нашмат прасцей прымяніць да іх рэпрэсіўнае і часта зняважлівае стаўленне. [...] Мы выражаем падтрымку і салідарнасць усім людзям, якія так ці інакш пацярпелі ад бязмежжа. Нягледзячы на тое, што павестка беларускага ЛГБТК-руху ў многім разыходзіцца з ідэямі анархізма, мы не можам маўчаць, таму што выступаем супраць любых забаронаў на выражэнне ўласнага меркавання і выбар ідэнтычнасці".
Заяву падпісалі пяць анархісцкіх груп: Бібліятэка "Вольная думка", калектыў "Фрымаркет Мінск", рэдакцыя сайта "Прамень", Анархічны чорны крыж - Беларусь і супольнасць "Baranki punx".