«Арганізатары акцыі — не толькі Севярынец і лідары «Свежага ветру», а яшчэ і амбасадар Сямашка»
Акцыя ў Мінску супраць інтэграцыі сабрала 700-800 чалавек. Гэта не галавакружны поспех, але і не поўны правал, піша ў сваім телеграм-канале палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Цяпер час вулічнай апатыі, як паказалі апошнія выбары.
Калі на недазволеную, то бок рызыкоўную, акцыю ў халаднаваты дзень сабралася столькі людзей — значыць, тэма ўсё-ткі рэзаніруе. Калі інтэграцыя рэальна зойдзе ў нейкія некамфортныя глыбіні, лічбы будуць расці ў разы. Калі не — рух вытхнецца вельмі хутка.
Арганізатары акцыі — не толькі Севярынец і лідары «Свежага ветру», а яшчэ і амбасадар Сямашка. Неахайная і двухсэнсоўная фраза «прэзідэнты дамовіліся стварыць адзіны парламент і ўрад» без удакладнення, што дамовіліся яны пра гэта 20 гадоў таму і імітавалі прагрэс ўвесь гэты час, стала яшчэ адным трыгерам пратэстаў.
Цікавыя паводзіны сілавікоў. Усіх лідараў, асабліва Севярынца, маглі затрымаць загадзя і даць суткі за заклік на плошчу, яго нават у РУУС вазілі напярэдадні. Але выпусцілі, далі дайсці да акцыі і спакойна яе правесці.
Пакуль няма паведамленняў пра затрыманні, акрамя п'янага рускамірца-правакатара. Не было аўтазакаў. Па рацыях міліцыянтам казалі «спакайней працуем». Пратэстантам далі некалькі гадзін шпацыраваць з шэсцямі па цэнтры Мінска і толькі не выпускалі на праезную частку.
Гэта значыць, была відавочная інструкцыя не перашкаджаць акцыі. І вось гэта ўжо цікава. Прычыны магло быць дзве — мэсэдж Маскве і нежаданне выглядаць у загалоўках ўсіх СМІ так, як быццам ты ціснеш і разганяеш тых, хто за незалежнасць. Думаю, першага там было менш, чым другога.
t.me/shraibman