Асаблівая тэрыторыя для яўрэяў
Неабходна ўвекавечыць памяць выбітных яўрэяў — выхадцаў з Беларусі, заявіў 15 лютага ў Мінску на прэсавай канферэнцыі ў Беларускім прэсавым цэнтры новапрызначаны пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал.
Неабходна ўвекавечыць памяць выбітных яўрэяў — выхадцаў з Беларусі, заявіў 15 лютага ў Мінску на прэсавай канферэнцыі ў Беларускім прэсавым цэнтры новапрызначаны пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал.
Пасол назваў Беларусь “вельмі асаблівай тэрыторыя для яўрэяў. Паводле яго слоў, для такога адчування Беларусі не абавязкова быць перакананым сіяністам ці веруючым яўрэям.
“Гэта адчувае любы яўрэй, бо тут нашы карані. Нашы супляменнікі, нашы дзяды і прадзеды стагоддзямі жылі тут і пахаваныя на гэтай вялікай, добрай і прыгожай зямлі. І калі прыязджае ў Беларусь
любы яўрэй, які не мае да гэтай краіны аніякага дачынення, ён адчувае гэты генетычны код. Я нарадзіўся ў Баку, куды маіх бацькоў прывезлі дзецьмі з Украіны. Але частка маіх родзічаў жыла ў Беларусі,
а сям’я жонкі — родам з Мінска. Тыя з іх, хто не змог эвакуявацца пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР, загінулі ў гады Халакосту на Украіне і ў Беларусі. Выжылі толькі тыя, каму
пашчасціла выехаць на ўсход. Памяць пра ахвяры, памяць пра продкаў — самая моцная і ўстойлівая. Яе ніяк не трэба папулярызаваць, бо яна жыве ў кожным чалавеку, — сказаў
Шагал.
Беларуская зямля нарадзіла шмат вялікіх яўрэяў — мудрацоў, рэлігійных аўтарытэтаў, герояў Другой сусветнай вайны, навукоўцаў, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў і палітыкаў. Сярод іх
— прэм’ер-міністры Менахем Бегін (нарадзіўся ў Брэсце) і Голда Меір (нарадзілася ў Кіеве, але ўсё дзяцінства правяла ў Пінску), а таксама сённяшні прэзідэнт Ізраіля Шымон Перас, які
нарадзіўся ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
І хаця, паводле слоў пасла, аб’ём тавараабароту паміж двума краінамі дастаткова сціплы, яго можна павялічыць. “У нас усё для гэтага ёсць, — адзначыў пасол. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што на Беларусі аніяк не ўвекавечана памяць пра многіх выбітных яўрэяў. “Я б вельмі хацеў гэта зрабіць. Да гэтага часу няма мемарыяльнай шыльды на доме бабулі Голды Меір у Пінску, дзе яна жыла, калі бацька з’ехаў у Амерыку. Голда ўсё жыццё ўспамінала гэты дом, на якім ніяк не адзначана памяць пра гэтую вялікую жанчыну. І гэта трэба паправіць, бо ўвекавечванне памяці Голды Меір цікава не толькі для сусветнага яўрэйства, але і для жыхароў Беларусі, — сказаў пасол.
Найбольш перспектыўнымі для ўзаемавыгаднага ізраільска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва з’яўляюцца вобласці высокіх тэхналогій. “Мы разглядаем Беларусь як найбольш прасунутую дзяржаву на постсавецкай прасторы ў галіне агульнай і інжынерна-тэхнічнай культуры. А дастаткова сур’ёзная плошча тэрыторыі пры адносна невялікай колькасці насельніцтва, якое мае высокі адукацыйны ўзровень, ствараюць ідэальныя ўмовы для развіцця ў краіне высокіх тэхналогій, — падкрэсліў Шагал.
Сярод мажлівых сфер развіцця ўзаемаадносін на базе высокіх тэхналогій ён назваў прафілактыку захворванняў у медыцыне, дзе Ізраіль займае пазіцыю сусветнага лідара. “Пра гэта сведчыць нядаўняе адкрыццё ізраільскіх медыкаў, якое дазваляе па аналізу крыві выяўляць анкалагічныя захворванні на самай ранняй стадыі, — паведаміў Шагал.
Акрамя таго, паводле яго слоў, на ізраільскія грошы і па ізраільскай тэхналогіі ў горадзе Белаазёрск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці завяршаецца будаўніцтва камбіната па вытворчасці 700 тон афрыканскага сома ў год. Пры тэмпературы 29 градусаў цяпла пяціграмовы малёк за паўгода дасягае таварнай вагі ў паўтара кілаграмы. Гэты экалагічна бяспечны комплекс, які пачне працаваць 1 красавіка бягучага года, будуць абслугоўваць толькі два чалавекі, паведаміў Шагал.
Сярод гуманітарных праектаў, якія пасол хацеў бы ажыццявіць падчас свайго знаходжання ў Беларусі, ён назваў арганізацыю навучання ізраільскай методыцы выкарыстання лабрадораў у якасці павадыроў сляпых. Паводле яго слоў, мяркуецца прывезці ў Беларусь некалькі ізраільскіх інструктараў, якія перададуць гэтую методыку беларускім кінолагам. На Дзень незалежнасці Дзяржавы Ізраіль Шагал плануе запрасіць у Мінск ізраільскіх дамскіх цырульнікаў-чараўнікоў, якія зробяць вялікае шоў сучасных жаночых прычосак разам з беларускімі мадэлямі і мясцовымі дамскімі цырульнікамі. “Паколькі на маёй радзіме вырашана правесці Дні культуры Ізраіля ў Беларусі, у адказ адбудуцца і Дні культуры Беларусі ў Ізраілі, — сказаў пасол.
Перспектывы існуюць у развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў сферы турызму. “Нас вельмі цікавяць беларускія аграсядзібы ў спалучэнні з мясцовымі бальнеалагічнымі курортамі, — сказаў Шагал. Разам з тым ён выказаў сумненне, што прагрэс у гэтым напрамку можа быць дасягнуты пры існуючых вялікіх коштах на авіяпералёты з Тэль-Авіва ў Мінск. Паводле яго слоў, пры кошце білета на самалёт у два бакі каля 600 долараў ЗША можна і не марыць пра павелічэнне колькасці турыстаў у Ізраіль і Беларусь. “Толькі канкурэнцыя і павялічэнне колькасці рэйсаў можа прывесці да зніжэння кошту палётаў. Пра гэта сведчыць прыклад Расіі, дзе пералёт з Масквы ў Тэль-Авіў каштуе ўсяго 180 долараў, — сказаў пасол. Ён збіраецца знайсці такога авіяперавозчыка, які змог бы з поспехам канкурыраваць з кампаніяй “Белавія на маршруце Тэль-Авіў—Мінск.
Дыпламат выказаў надзею, што да сканчэння яго кадэнцыі ў Беларусі будзе ўсталяваны бязвізавы рэжым у адносінах паміж дзвюма краінамі.
Шагал падкрэсліў, што на міжнароднай арэне яго краіна імкнецца быць "максімальна стрыманай пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі. "У рамках гэтай самай стрыманасці Ізраіль ніколі не прад’яўляў нейкіх сур’ёзных прэтэнзій Беларусі. Калі ж і галасаваў па дакументам, то на аснове парытэту, калі Беларусь галасавала супраць Ізраіля па пытаннях палесціна-ізраільскіх адносінаў, — сказаў дыпламат. Ён таксама адзначыў, што Ізраіль стрымана адносіцца да санкцыяў Еўразвязу і ЗША ў адносінах Беларусі. "Мы галасуем у рамках партнёрскіх адносінаў, але самі мы падобнага не ініцыюем. Як і Беларусь не ініцыюе антыізраільскія пытанні, але галасуе па іх", — падкрэсліў Шагал.
Даведка:
Іосіф Шагал нарадзіўся ў 1949 годзе. Пасля атрымання ў Баку вышэйшай педагагічнай адукацыі працаваў журналістам у Азербайджане і Ізраілі, у 2006–2009 гадах быў сябрам ізраільскага
парламента ад партыі “Наш дом Ізраіль. Асвятляў шэраг афіцыйных візітаў прэм’ер-міністраў Ізраіля ў краіны Еўропы і ЗША. З’яўляецца старшынёй міжнароднай
асацыяцыі “Ізраіль — Азербайджан і кансультантам па міжнародных пытаннях ізраільскай кампаніі “Shilar Ahzakot. Аўтар шэрагу сцэнараў і раманаў, а
таксама біяграфіі “Эхуд Барак — салдат нумар адзін. Адзначаны шэрагам прэмій у галіне журналістыкі, у тым ліку азербайджанскай узнагародай “Залатое пяро лепшаму
журналісту года (1988, Баку).