«Атамныя станцыі не запускаюць падчас рэвалюцый». Эколагі патрабуюць прыпыніць пуск БелАЭС

«Атамныя станцыі — асабліва небяспечныя аб’екты, якія не запускаюць падчас рэвалюцый і палітычных крызісаў» — беларускія эколагі і зялёныя патрабуюць прыпыніць пуск Астравецкай АЭС, паведамляе «Свабода».

Астравецкая АЭС. Ілюстрацыйнае фота. 

Астравецкая АЭС. Ілюстрацыйнае фота. 


Каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава тлумачыць, чаму могуць быць катастрафічныя наступствы пуску АЭС у крызіснай сітуацыі, чаму аўтарытарныя кіраўнікі лічаць, што «дзяржавы з мірным атамам не бамбяць», чаму АЭС не толькі не выгадная, але і стратная для Беларусі, і чым небяспечна, што ўсе ключавыя пасады на станцыі займаюць грамадзяне Расіі.

Цалкам размову з Таццянай Новікавай глядзіце на відэа.


Пра што гаворыцца ў звароце эколагаў і зялёных:

• У спрэчцы уладаў Беларусі з яе народам могуць прайграць усё, але, у першую чаргу, улады, калі будуць выкарыстаны недапушчальныя сродкі. Гвалт — адно з іх. Другое — гэта пуск непатрэбнай і небяспечнай БелАЭС.

• Унутраныя войскі і сілавыя структуры, якія маглі б быць задзейнічаны для ліквідацыі наступстваў магчымай аварыі, цяпер занятыя зусім іншым — проціборстве з пратэстуючымі. Рэсурсы рэагавання сканцэнтраваны ў месцах масавых пратэстаў, такім чынам, няма каму будзе папярэджваць грамадзян пра аварыю і змякчаць яе наступствы.

• Рызыкі аварыі шматкроць узрастаюць у момант пуску ядзернага рэактара. У выпадку да БелАЭС яны павялічваюцца з улікам усіх тых недахопаў і праблем, з якімі будавалася гэтая атамная электрастанцыя.

• МНС змяніла працэдуру пуску БелАЭС напярэдадні выбараў, дазволіўшы праводзіць пуск гэтай атамнай электрастанцыі паэтапна, па асобных дазволах, але без ліцэнзіі на эксплуатацыю, да завяршэння адпаведнай праверкі бяспекі. У рэактар першага энергаблоку ўжо загружана паліва, і яго фізічны старт можа адбыцца літаральна ў бліжэйшыя тыдні.

• Тэрмін жыцця дыктатара наўрад ці перавысіць 100 гадоў, але адпрацаванае ядзернае паліва, як і наступствы радыяцыйных аварый застаюцца небяспечнымі для чалавека і прыроды на працягу сотняў тысяч гадоў.

• Нагадаем, што рызыкі аварыі шматкроць узрастаюць у момант пуску ядзернага рэактара. У дачыненні да БелАЭС яны павялічваюцца з улікам усіх тых недахопаў і праблем, з якімі будавалася гэтая атамная электрастанцыя.

Пуск атамнай электрастанцыі пад Астраўцом патрабуюць спыніць Беларуская партыя «Зялёныя», грамадская кампанія «Астравецкая АЭС — гэта злачынства!», грамадскае аб’яднанне «Экадом», Тацяна Новікава, каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі, Тацяна Пашавалава, міжнародная НДА «Еўрабеларусь», Ніна Палуцкая, дырэктар НДА «Сябры Нёмана», Наталля Парэчына, установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Інэса Балоціна, эколаг, Леанід Платоненка, эка-актывіст, Ігар Пастухоў, рэгіянальны каардынатар грамадскай экалагічнай інспекцыі «Зялёны дазор», Аляксандр Дарашэвіч, грамадская экалагічная інспекцыя «Зялёны дазор».

www.svaboda.org