Авіярэйсаў з Гомеля ў Грузію не будзе

Анансаваных «Белавія» авіярэйсаў з Гомеля ў Грузію не будзе. Але такія планы агучваліся яшчэ да вайны. Нават дата першага рэйсу была вызначаная — 18 чэрвеня.

_belavia__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Пра тое, што анансаваных авіярэйсаў з Гомеля ў Грузію не здарыцца, паведамляе авіякампанія «Белавія» ў адказах кліентам, піша «Штодзень».

Яшчэ ў лютым месяцы, да нападу РФ на Украіну, на сайце нацыянальнага авіяперавозчыка паведамлялася, што з 18 чэрвеня адмысловы рэйс звяжа беларускі Гомель і грузінскі курорт Батумі. Меркавалася, што самалёты з Гомеля выляталі бы двойчы на тыдзень: па панядзелках і суботах. Прыблізны кошт за квіток меўся быць каля 86 еўра ў адзін бок, у абодва — 178.

Тым часам цана на авіяквіток з аэрапорта “Мінск-2” да Грузіі вырасла больш чым у два разы. Квіток на авіяпералёт Мінск-Тбілісі ў адзін бок да вайны каштаваў каля 300 беларускіх рублёў, ці 79 еўра. Цяпер жа на сайце «Белавія» з цяжкасцю знойдзеш квіткі за 184 еўра. У асноўным сустракаецца наступная цана за эканом-клас: 209 еўра і 259,65 еўра.