Бацькоў кінулі за краты, пакінуўшы дома шасцігадовага сына аднаго

Затрыманую 5 чэрвеня ў Мінску нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Алену Лазарчык ў той жа дзень змясцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

quicknews.eu__700x400.jpg

За дзень да гэтага такім жа чынам быў затрыманы і яе муж — актывіст Сяргей Мацкойць.
Дома, без нагляду бацькоў, застаўся іх шасцігадовы сын.
Праваабаронцы занепакоеныя і абураныя такім дзікім паводзінамі супрацоўнікаў міліцыі Кастрычніцкага РУУС Мінска і бачаць у іх дзеяннях прыкметы перавышэння службовых паўнамоцтваў.
Праваабаронца «Вясны» Аляксей Лойка звярнуўся ў ГУУС МУС з патрабаваннем неадкладна вызваліць Лазарчык Алену Мікалаеўну, якая другія суткі ўтрымліваецца ў ізалятары на Акрэсціна.
«Такія дзеянні міліцыі з'яўляюцца грубым парушэннем ч. 2 ст.6.7 КаАП, якая забараняе арыштоўваць жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Гэта з'яўляецца перавышэннем службовых паўнамоцтваў, так як Алена мае сына 2013 года нараджэння» — заяўляе ён.
Таксама праваабаронца звязваўся напрамую з ГУУС Мінгарвыканкама па тэлефоне даверу.
Трубку падняў падпалкоўнік міліцыі апэратыўны дзяжурны МУС Андрэй Дземідчук, які адказаў, што трэба звяртацца з пісьмовай заявай у МУС, яны дадуць адказ, альбо ў пракуратуру альбо ў Следчы камітэт.
Між тым — зараз выходныя, і дзіця на гэтыя дні застанецца без апекі бацькоў.
spring96.org