Барацьба з паркунамі: нахабных аўтаўладальнікаў можна фіксаваць telegram-bot'ам

Мінск расце і развіваецца, забудоўваецца і захлынаецца ў аўтамабільным трафіку. Абыякавая і няправільная паркоўка як у цэнтры горада, так і ў спальніках — адна з тых праблем, што найбольш прыцягвае ўвагу экалагічных і гарадскіх актывістаў, бо знаходзіцца навідавоку.

261.jpg

Бадай кожнаму знаёма сітуацыя, калі ні прайсці, ні праехаць не магчыма за нахабна прыпаркаванага аўтамабіля на ўездзе ў двор ці на тратуары. А раз'езджаныя газоны ці разбітыя ўшчэнт бардзюрныя камяні — звыклая карціна амаль кожнага двара. У гарадскім цэнтры часова "кінутыя" аўто нярэдка становяцца прычынамі затораў і затрымання грамадскага транспарта. Як быць з гэтым?
Згодна з рэкамендацыямі гарачай лініі Зялёны тэлефон, артыкулам 143.15 Правілаў дарожнага руху прыпынак і стаянка транспартных сродкаў забараняецца на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі. За такое парушэнне прадугледжана пакаранне па артыкуле 18.22 КаАП Рэспублікі Беларусь.
На пачатку аператаркі сэрвісу раяць папярэдзіць парушальніка. Калі спробы дамовіцца не прыносяць вынікаў, то варта фіксаваць факт парушэння ПДР і выклікаць ДАІ. На жаль, дзяржаўная аўтаінспекцыя не заўсёды адгукаецца і аператыўна рэагуе на падобныя выклікі.
Таксама падобны спосаб барацьбы цалкам нерабочы ў зімовы перыяд праз фармуліроўку "газон" у правілах дарожнага руху: “участак зямлі з натуральным або штучна створаным раслінным, пераважна травяным, покрывам. Адсюль, калі зялёная зона прыкрыта снежным покрывам прыцягнуць да адказнасць аўтапарушальніка практычна немагчыма.
Аднак гарадскія актывісты знайшлі пункт Правіл, які дазваляе аштрафаваць нядбайных аўтаўладальнікаў:
"У сувязі з надыходам зімовага перыяду і адсутнасцю павагі да прыроды з боку некаторых аўтамабілістаў у ДАІ з нашага боку быў адпраўлены запыт аб магчымасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за паркоўку на газоне. Здавалася б, што снег хавае газон і таму з аўтамабілістамі нельга нічога зрабіць, але ўсё ж прыцягненне магчыма, хоць і па іншым артыкуле: "У адпаведнасці з Правіламі дарожнага руху пры наяўнасці снежнага покрыва, не які дазваляе кіроўцу вызначыць межы паміж праезнай часткай дарогі і зялёнай зонай за прыпынак і стаянку аўтамабіля на такой тэрыторыі кіроўца адміністрацыйную адказнасць не нясе.
Пры наяўнасці бачнага бардзюрнага каменя, які аддзяляе зялёную зону пакрытую снегам, ад праезнай часткі дарогі ў выпадку спынення і стаянкі транспартнага сродку на такой тэрыторыі, кіроўца нясе адміністрацыйную адказнасць за парушэнне п.9.8 Правіл дарожнага руху, прадугледжанай арт. 18.22 ч.5 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўезд на дарогу і з'езд з дарогі па-за ўстаноўленым для гэтага месцы (месцы, пазначаныя адпаведнымі дарожнымі знакамі, дарожнай разметкі, абсталяваныя агароджваючымі ці накіроўваючымі прыладамі)". Штраф, праўда, усяго 0,5 базавай, але ён ёсць, таму будзьце акуратныя і глядзіце, дзе паркуете", — апублікавалі паведамленне ў тэлеграм-канале Грушвіль яшчэ ў сярэдзіне снежня 2018 года.
 Не так даўно стала вядома, што ДАІ падтрымала патрабаванне мінчан ліквідаваць нелегальныя паркоўкі ў горадзе праз усталяванне малых архітэктурных формаў. Гэта стала магчымым дзякуючы петыцыі, якую запусцілі гараджане на платформе petitions.by. Яе стваральнікі звярнуліся да ўладаў з патрабаваннем рэальных дзеянняў у барацьбе з нелегальнымі паркоўкамі, у асаблівасці ў цэнтры. Няхай петыцыя знайшла невялікі водгук сярод мінчан - падпісаліся пад патрабаваннямі крыху больш 500 чалавек, мінская аўтаінспекцыя станоўча адрэагавала на ініцыятыву. Праўда, у адказе адсутнічаюць канкрэтныя абяцанні і планы па рэалізацыі, піша Onliner.by.
Весці барацьбу з нахабнымі аўтаўладальнікамі можна праз telegram-bot — Паркун, які спрашчае перасылку зварота пра парушэнне правілаў паркоўкі ў ДАІ. Карыстацца ім даволі проста: пакінуўшы свае кантактныя дадзеныя, якія будуць пазначаны ў звароце, вы пачынаеце фіксаваць парушэнне, указваючы дзяржнумар аўтасродку, месца, дату і час, дзе гэты было зафіксавана.
Пакуль сэрвіс працуе толькі на Мінск. Адсочваць публікацыю фотаздымкаў, а таксама навіны праекта можна ў аднайменным канале "Паркун".
Паводле greenbelarus.info