БАЖ выказвае пратэст

З нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла адпаведную заяву.



b74084f67608d5d35079175712568095.jpg

З нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла адпаведную заяву.
“Цягам апошніх дзён у Беларусі зноў рэзка пагоршылася становішча са свабодай журналісцкай дзейнасці, — гаворыцца ў заяве. — Напярэдадні Дня Волі ў Магілёве затрымалі, а потым асудзілі да адміністратыўнага арышту ад 3 да 7 сутак журналістаў і сябраў ГА «БАЖ» — Уладзіміра Лапцэвіча, Алеся Асіпцова і Дзмітрыя Салаўёва. У Віцебску на некалькі гадзін затрымалі тэлежурналіста Уладзіслава Стараверава. Усе затрыманні адбываліся па надуманых падставах. 25 сакавіка міліцыя і асобы ў цывільным зноў перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі журналістам, якія асвятлялі ход вулічных акцый.
Акрамя асуджэння Лапцэвіча і Салаўёва, 28 сакавіка “Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў дзве скаргі да Міністэрства інфармацыі з боку газеты «Народная воля» і «Аўтарадыё», якія спрабавалі абскардзіць папярэджанні Мінінфарма; стала вядома пра крымінальную справу, распачатую супраць гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута па ч.1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта РБ», пазбавілі акрэдытацыі пры беларускім МЗС галоўнага рэдактара расійскага інфармацыйнага агенцтва «Свабода» Аляксандра Лашманкіна, — адзначаецца ў заяве.
БАЖ падкрэслівае, што “ўсё гэта з’яўляецца працягам хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Сямёра журналістаў і сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве — арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Адзін з іх — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ шасцёра — Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка — чакаюць суда. Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:
— выказвае рашучы пратэст у сувязі з пераследам калег;
— патрабуе неадкладна спыніць ціск на журналістаў і сродкі масавай інфармацыі;
— нагадвае, што свабода выказвання з’яўляецца не толькі адной з фундаментальных свабод чалавека, але і крытэрам захавання іншых правоў і свабод.
Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»