Беларуса паказальна асудзілі на працоўным месцы
Суд быў выязны.
У Баранавічах беларуса паказальна асудзілі проста на фабрыцы, дзе ён працуе.
20 снежня прайшоў выязны суд над 27-гадовым работнікам мэблевай фабрыкі «Лагуна» Сяргеем Карпенем. Следства сцвярджала, што 17 верасня 2020 года Сяргей «з мэтай нанясення шкоды гонару і годнасці прэзідэнта» ў тэлеграм-канале «Баранавічы-97%» пакінуў паведамленне з ненарматыўнай лексікай. Мужчыну асудзілі на два гады «хіміі» і канфіскавалі яго тэлефон на карысць дзяржавы.
А пасля паседжання Вадзім Карачун, дзяржабвінаваўца па гэтай справе, яшчэ і прачытаў кіраўніцтву і працаўнікам фабрыкі лекцыю аб наступствах «супрацьпраўных паводзінаў» у інтэрнэце.