Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед Уладзіміра Някляева
Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў з заявай з нагоды прысуду паэту Уладзіміру Някляеву.

Уладзімір Някляеў, фота svaboda.org
Паэт, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій, Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Някляеў 1 лістапада асуджаны судом Ленінскага раёна Мінска на 10 сутак адміністратыўнага арышту за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое мелася адбыцца ў Мінску 21 кастрычніка. У якасці доказу віны Уладзіміра Някляева прыводзяцца цытаты з замежнага інтэрнэт-сайта charter97.org, дзе ёсць спасылка на інтэрв’ю, якое паэт даў 16 кастрычніка польскаму інфармацыйнаму тэлеканалу “Белсат”. "Такія абвінавачванні пярэчаць міжнародным стандартам і абмяжоўваюць права на выказванне свайго меркавання, гарантаванае ў тым ліку і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь", — адзначаецца ў заяве Рады Беларускага ПЭН-цэнтра.
"Беручы пад увагу вышэйсказанае лічым, што вынесены Уладзіміру Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны. Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Уладзіміра Някляева, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, небгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё. Згаданае вышэй асуджэнне – чарговая рэпрэсія ўладаў у дачыненні да Някляева, які быў адным з лідэраў прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. Будучы кандыдатам у прэзідэнты, Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты ў дзень выбараў 19 снежня 2010 г., пасля чаго апынуўся ў СІЗА КДБ і быў абвінавачаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. 30 сакавіка 2011 г. абвінавачванне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 20 траўня 2011 г. у судзе Фрунзенскага раёна Мінску асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. У апошнія гады Някляева неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Ён атрымліваў пакаранні ў выглядзе штрафаў і адміністратыўных арыштаў".
Беларускі ПЭН-цэнтр разглядае чарговы прысуд Уладзіміру Някляеву як факт ціску за яго палітычныя перакананні, заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева, і звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік.