Беларускія тэнісісты выйгралі ў датчан на матчы Кубка Дэвіса
Беларускія тэнісісты выйгралі ў сапернікаў з Даніі на матчы Кубка Дэвіса, які праходзіць у Мінску. У чацвёртым паядынку Ілля Івашка перамог Фрэдэрыка Нільсена — 6:4, 4:6, 7:5, 5:7, 6:4. Агульны лік матча стаў 3:1 на карысць беларусаў.
Апошняя дуэль адбудзецца сёння, 18 верасня — на корт выйдуць Яраслаў Шыла і Андрэас Б’ерэхус, аднак яна ўжо не будзе мець уплыву на вынік усяго матчу.
Паводле правілаў турніру на Кубак Дэвіса, у кожным матчы дзве каманды гуляюць пяць паядынкаў — два адзіночных, адзін парны і зноў два адзіночных. Пераможца павінен выйграць сама меней тры разы. Паколькі лік у матчы Беларусь — Данія ўжо складае 3:1, перамога нашых тэнісістаў вызначаная датэрмінова.
Сёлета беларусы ў матчы першага раўнда ІІ групы Еўра-Афрыканскай зоны абыгралі ў Каіры тэнісістаў Егіпта, а затым у Мінску былі мацнейшымі за латвійскую каманду. Цяпер, пасля перамогі над датчанамі, Беларусь заваявала права ў наступным сезоне згуляць у І групе Еўра-Афрыканскай зоны.
Паводле euroradio.fm