Беларусы сталі атрымліваць ускрытыя лісты з-за мяжы. У чым справа?

Некалькі чытачоў TUT.BY распавялі, што ім прыйшлі ўскрытыя па патрабаванні мытні лісты з-за мяжы, і выказалі здагадку, што кантраляваць змесціва лістоў з іншых краін сталі часцей. Пра такую ж сітуацыю ў сторыз у сваім акаўнце ў Instagram гаворыць і Міс Беларусь — 2008 Вольга Хіжынкова.

pismo_vskrytoe_tamozhnya_1.jpg

— Перад навагоднімі святамі адправіла з Англіі бацькам у Гродна паштоўку ў канверце. Яны атрымалі ўскрыты ліст са штампам «ускрыта па патрабаванні мытні» і залепленымі фірмовым скотчам «Белпошты». Раней я таксама адпраўляла лісты ў Беларусь, але яны заўсёды прыходзілі цэлымі. На днях у сваёй стужцы ў Facebook у кагосьці з сяброў ўбачыла падобную карціну: там ліст з Польшчы ў Беларусь таксама прыйшоў у аналагічным выглядзе, — распавядае гарадзенка Наталля, якая зараз жыве ў Англіі.
Яшчэ адна чытачка TUT.BY з Мінска распавядае, што атрымала паштоўку з Бруселя ад сяброўкі.
— І на канверце стаіць пячатка, што ўскрыта па патрабаванні мытні, і скотч «Белпошты». Такую ж сітуацыю ўбачыла ў Хіжынковай ў сторыз Instagram, — кажа дзяўчына.

pismo_vskrytoe_12.jpg


У «Белпошце» кажуць, што міжнародная карэспандэнцыя заўсёды праходзіць дадатковы кантроль.
 І тая, што ўвозіцца, і што вывозіцца за мяжу пісьмовая карэспандэнцыя паступае на кантроль. Ёсць дзве працэдуры, якія могуць прайсці такія адпраўленні: агляд і дагляд. Спецыяліст, калі ёсць нейкія падазрэнні, можа правесці дагляд з ускрыццём канверта, пасылкі або бандэролі. Напрыклад, у пасылцы могуць быць цацкі, падобныя на зброю, і трэба пераканацца, што ўнутры пакета няма нічога падазронага, або, бывае, падазрэнні могуць пацвердзіцца, — кажуць у «Белпошце».

Скрын, instagram.com/volgena

Скрын, instagram.com/volgena


У Мінскай рэгіянальнай мытні TUT.BY распавялі, што ўскрыццё карэспандэнцыі робіцца не ўласна мытнікам, а па патрабаванні мытні работнікам пошты.
Таксама там кажуць, што ў апошні час «ніякіх зменаў з нагоды міжнароднай карэспандэнцыі» не было і праца з лістамі, што ўвозяцца, ідзе ў звычайным рэжыме.
 Традыцыйна міжнародных паштовых адпраўленняў, што паступаюць у краіну перад навагоднімі святамі, становіцца больш. Гэта ніяк не адлюстроўваецца на падыходах у працы мытных органаў. Пры выбары аб'ектаў і формаў мытнага кантролю выкарыстоўваецца сістэма кіравання рызыкамі ў адпаведнасці з заканадаўствам Еўразійскага эканамічнага саюза аб мытным рэгуляванні. У міжнародных паштовых адпраўленнях, у тым ліку і лістах, могуць знаходзіцца прадметы і рэчывы, забароненыя альбо абмежаваныя да ўвозу. Напрыклад, у лістах могуць адпраўляць асабліва небяспечныя наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы, што не выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах, такія як гераін, марыхуана, «маркі» (LSD). Не заўсёды іх можна выявіць без ускрыцця паштовага адпраўлення. Нярэдка такія тавары перасылаюцца з указаннем фіктыўных звестак аб іх атрымальніках альбо наогул без іх ведама.