Беларусы Варшавы адзначылі Дзяды
Аб’яднанне «Беларуская нацыянальная памяць» зладзіла сустрэчу на варшаўскіх могілках Павонзкі (Pawązki).

Удзельнікі ўшанавалі памяць выбітных дзеячаў мастацтва і навукі, якія сваёй дзейнасцю спрыялі развіццю беларускага і польскага нацыянальных рухаў.
Арганізатар спаткання Анатоль Міхнавец распавёў:
— Такія сустрэчы вельмі цікавыя, бо, акрамя таго, што мы наведваем магілы, Зянон Станіслававіч распавядае пра тую эпоху, у якую жылі нашы героі, побач з чыімі магіламі мы сёння стаім, як яны тут апынуліся, што яны зрабілі. Тады будзе жыць Беларусь, калі мы будзем памятаць нашы карані, будзем шанаваць іх.

Пра інфармацыйнае забеспячэнне сустрэчы дбаў лідар беларускага адраджэння Зянон Пазьняк:
— Гэта свята трэба шанаваць. Трэба, каб гэта быў выходны дзень у Беларусі. Каб людзі маглі з годнасцю ўшанаваць сваіх продкаў. Наш народ моцна шануе продкаў. Гэта па-рознаму выяўляецца, але ў ментальнасці нашых людзей пашана да памерлых ёсць.
У сустрэчы на варшаўскіх Павонзках прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек пераважна маладога веку.