У Польшчы хочуць прадаваць замежнікам часовае грамадзянства
У Польшчы хочуць узяць прыклад з Венгрыі, дзе аналагічная праграма прапануе замежнікам грамадзянства па 250 000 еўра
Дэпутат партыі «Права і справядлівасць» прапануе ўвесці новую форму польскага грамадзянства. Яно было б часовым, а атрымаць яго маглі б замежнікі з адпаведнай сумай наяўных грошай.
— Гэтая ініцыятыва ўжо некалькі гадоў функцыянуе ў Венгрыі і, здаецца, што Польшча становіцца ўсё больш прывабнай дзяржавай для грамадзян іншых краін, — сказаў у эфіры тэлеканала TVN24 Станіслаў П'ента з кіруючай партыі, піша выданне prostir.pl.
— Калі атрымаецца знайсці інвестараў, якія гатовыя інвеставаць у польскую эканоміку вялікія сродкі і калі апынецца, што гэта вартыя даверу людзі, то яны змогуць атрымаць такое часовае грамадзянства, — сказаў палітык.
Дэпутат растлумачыў, што польскія спецслужбы высвятлялі б, ці «годныя даверу» асобы, зацікаўленыя ў польскім грамадзянстве. Такая прапанова была б адкрытай для грамадзян усіх краін.
Паводле яго слоў, польскі ўрад «павінен абдумаць» такую магчымасць.
— Гэта мог бы быць інструмент палітычнага ўплыву, інструмент для атрымання важных кантактаў і новых сродкаў на інвестыцыі, — звярнуў увагу парламентарый.
Аднак невядома, колькі грошай трэба было б заплаціць за грамадзянства, а таксама аб памерах магчымых інвестыцый.
— Не буду зараз рабіць нейкіх разлікаў. Гэтае пытанне да экспертаў, — адзначыў Станіслаў П'ента.
Прыклад такой ідэі варта шукаць у Венгрыі. З 2012 года грамадзянства там «прадаюць» за за 250 000 еўра.
Паводле інфармацыі нямецкага выдання «Tagesschau», праграмай скарысталіся больш за 16 000 чалавек.
Грамадзянства ў цяперашні час можна набыць на Кіпры, у Балгарыі, Ірландыі, Іспаніі і Францыі.