Берасцейскі блогер Пятрухін аштрафаваны на 1 225 рублёў
Суд Ленінскага раёна Берасця 31 кастрычніка аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1 225 рублёў) мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна, абвінаваціўшы яго ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на пасяджэнні.
![piatrukhin.jpg piatrukhin.jpg](/img/v1/images/piatrukhin.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
26 кастрычніка ў 16.00 Пятрухін па позве прыйшоў у Ленінскі РАУС Берасця. Там яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 29 кастрычніка блогера даставілі ў суд Ленінскага раёна. Пятрухін заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і даванні адваката. Суддзя задаволіў іх і прызначыў наступнае пасяджэнне 31 кастрычніка. Пятрухіна вызвалілі з-пад варты.
«Пятрухіну ставілася ў віну размяшчэнне ім у інтэрнэце відэароліка аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, у якім людзей запрашалі прыйсці 14 кастрычніка на плошчу Леніна ў Берасці, — сказаў праваабаронца. — Пятрухін заявіў, што не выкладваў у інтэрнэце гэты ролік, і заявіў хадайніцтва аб правядзенні адпаведнай праверкі. Суддзя адхіліў хадайніцтва і вынес рашэнне па справе».
Праваабаронца адзначыў, што 26 кастрычніка таксама ў 16.00 у Ленінскі РАУС выклікалі мясцовага блогера Аляксандра Кабанава. Ён у міліцыю не пайшоў з-за хваробы. Раней Пятрухіна і Кабанава, якія на інтэрнэт-рэсурсе Youtube ў сваім праекце «Народны рэпарцёр» асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку на падставе артыкула 23.34 КоАП.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПаўэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода распачалася ў рэгіёне ў студзені. Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» на ўскраіне Берасця ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.
З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасце прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны. 31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасце некалькі перабольшаныя.
«Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ», — сказаў ён.
Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі.
«Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату», — заявіў ён.
Радыё Рацыя