Беларусь будзе набываць у фармацэўтычных арганізацый Кубы лекі ў абмен на сельгастэхніку

Беларусь будзе набываць у фармацэўтычных арганізацый Кубы лекавыя сродкі ў абмен на пастаўку ў гэтую краіну сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі, а таксама запасных частак да яе.



skvorcova_rossijskie_i_belorusskie_lekarstva_budut_registrirovatsya_v_rf_po_odnim_zakonam.jpg

Пра гэта гаворыцца ва ўказе прэзідэнта № 133 ад 23 сакавіка 2015 года, які прадугледжвае меры па рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Кубы аб узаемных пастаўках ад 24 чэрвеня 2014 года. Тэкст указа апублікаваны 25 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Дакумент устанаўлівае, што дзяржаўнае гандлёва-вытворчае аб'яднанне "Белрэсурсы" будзе ажыццяўляць закупку ў фармацэўтычных арганізацый Кубы лекавых сродкаў, а таксама пастаўляць арганізацыям гэтай краіны сельскагаспадарчую, аўтамабільную тэхніку і запасныя часці да яе, вырабленыя ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" і ААТ "Мінскі трактарны завод" для разлікаў з гэтымі фармацэўтычнымі арганізацыямі.


Нерасфасаваныя лекі будуць закупляцца ДА "Белрэсурсы" для РУП "Белмедпрэпараты" ў мэтах іх наступнай упакоўкі і рэалізацыі, а лекавыя сродкі ў гатовых лекавых формах — для РУП "Белфармацыя" ў мэтах іх захоўвання і наступнай рэалізацыі.


Міністэрства аховы здароўя будзе закупляць лекавыя сродкі ў гатовых лекавых формах у РУП "Белмедпрэпараты" і РУП "Белфармацыя" для дзяржаўных арганізацый аховы здароўя ў межах гадавога плана цэнтралізаваных дзяржаўных закупак лекавых сродкаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту без правядзення працэдур, устаноўленых заканадаўствам аб дзяржаўных закупках.


"Белмедпрэпараты" і "Белфармацыя" будуць пералічваць "Белрэсурсам" беларускія рублі ў памеры, эквівалентным кошту лекавых сродкаў у доларах ЗША паводле афіцыйнага курсу Нацбанка на дату ажыццяўлення плацяжу. "Белрэсурсы" забяспечаць правядзенне разлікаў за пастаўленыя арганізацыям Кубы сельскагаспадарчую, аўтамабільную тэхніку і запасныя часткі да яе шляхам пералічэння МАЗу і МТЗ грашовых сродкаў у беларускіх рублях у памеры, эквівалентным кошту лекавых сродкаў у доларах ЗША паводле афіцыйнага курсу.


Савету міністраў Беларусі даручана забяспечыць інфармаванне Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама ўрадаў Арменіі, Казахстана і Расіі аб падпісанні ўказа.


Указ № 133 будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў з даты набыцця ім моцы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН