Беларусы трацяць на ежу амаль палову зарплаты
Паводле вынікаў выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у I паўгоддзі 2015 года наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 8,8 млн. рублёў у месяц і ў параўнанні з I паўгоддзем 2014-га павялічыліся на 1,3 млн. рублёў (на 17,2 %).
Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, доля хатніх гаспадарак з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў, ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (нацыянальнай рысы малазабяспечанасці), у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года не змянілася і склала 3,5 %, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 2,8 %, у сельскіх населеных пунктах — 5,5 %.
Спажывецкія расходы ў разліку на хатнюю гаспадарку ў параўнанні з I паўгоддзем 2014-га павялічыліся на 0,7 млн. рублёў (на 12,4 %) і склалі ў I паўгоддзі 2015 года 6,2 млн. рублёў у месяц.
У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 42,8 % (у I паўгоддзі 2014 года — 42,1 %), на пакупку нехарчовых тавараў — 32,2 % (у I паўгоддзі 2014-га — 34,5 % ), на аплату паслуг — 22,6 % (у I паўгоддзі 2014-га — 20,8 %).