Блогер Максім Філіповіч замест вызвалення атрымаў яшчэ 15 сутак

Сёння пасля 14-суткавага арышту мусіў вызваліцца з ізалятара часовага ўтрымання гомельскі блогер Максім Філіповіч. Увесь тэрмін ён трымаў галадоўку. Замест вызвалення яго прывезлі на чарговы суд і прысудзілі чарговы арышт — 15 сутак, паведамляе svaboda.org.

2cdda7b6_1a08_4bd1_b3f9_9341fd14473b_w1023_r1_s.jpg


Адміністрацыйную справу адносна блогера распачалі за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).
28 лістапада Максім Філіповіч здымаў стрым пра пажар на гомельскім прадпрыемстве «Лінія зносу». У час здымак паміж блогерам і намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргеем Новікам здарыўся канфлікт. Філіповіч патрабаваў, каб супрацоўнік МНС прадставіўся. Калі той адмовіўся, блогер сказаў «Ідзі гуляй, сынок». Паводзіны Філіповіча абурылі частку інтэрнэт-карыстальнікаў. Была складзена петыцыя аб прыцягненні блогера да адказнасці за хамства ў дачыненні да ратавальнікаў.
Міліцыя склала адміністрацыйны пратакол. Паводзіны блогера былі ацэненыя як «абразлівае прыставанне да грамадзян», па сутнасці — дробнае хуліганства.
«Філіповіч адцягваў увагу супрацоўнікаў МНС пры выкананні імі абавязкаў па тушэнні пажару, называў супрацоўніка МНС „сынком“, правакаваў на канфлікт», — пазначана ў пратаколе міліцыі.
Справу разглядаў суд Савецкага раёну. Блогер на судзе не прызнаў віну. Ён сведчыў, што здарэнне адбылося каля гадзіны ночы 28 лістапада.
«Я прачытаў у СМІ, што пажар на "Лініі зносу“ быў лакалізаваны ратавальнікамі каля 16.00. Але ноччу заўважыў, што на прадпрыемстве працягваецца пажар. Абурыўся хлуснёй у СМІ і пайшоў здымаць стрым. Я не ведаў, што грамадзянін, які падышоў да мяне, быў супрацоўнік МНС. Ён не прадставіўся. У цемры не было бачна адразу, што чалавек у форме. Толькі потым я гэта заўважыў. Супрацоўнік МНС назваў мяне "аленем“, мяне гэта абурыла», — казаў на судзе блогер.
Ён падаваў шэраг хадайніцтваў: даць яму час на азнаямленне са справай, дапусціць жонку ў якасці яго прадстаўніка, выклікаць сведак. Час на азнаямленне са справай яму далі, але толькі 30 хвілін. Астатнія хадайніцтвы былі адхіленыя.
Суддзя Аляксандар Мохараў пастанавіў арыштаваць Філіповіча на 15 сутак.