Фотастудыя ў Гомелі адмовілася наносіць на кубак герб «Пагоня»

Герб Расіі і георгіеўскую стужку нанесці можна.

images_51.jpg

Прыватнае прадпрыемства «Студыя эксклюзіўных падарункаў "Фота на ўсё"» не прыняла замову на друк герба «Пагоня» на кубку ў гамяльчанкі Надзеі Дварэцкай. Жыхарка Гомеля хацела падарыць такі ​​кубак сябру на Новы год, перадае БелаПАН.
20 снежня жыхарка Гомеля прыйшла рабіць заказ у студыю «Фота на ўсё». «Я паказала прадаўцу фота «Пагоні» і спытала, ці можна вырабіць яго на кубак. Яна адказала, што студыя «такога не робіць», таму што «часткова забаронена» гаспадаром гандлёвай кропкі. Прадавец патлумачыла, што яна проста наёмны работнік і не будзе рызыкаваць. Я ўдакладніла: а нанесці на кубак георгіеўскую стужачку і герб РФ можна? Яна сказала, што можна», — адзначыла Дварэцкая.
Прадаўцы гандлёвай кропкі «Фота на ўсё» адмовіліся каментаваць БелаПАН сітуацыю, заявіўшы, што яны «проста наёмныя работнікі». Па тэлефоне жанчына, якая прадставілася дырэктарам пункту, сказала: «Я адмаўляюся ад любых каментароў. Заказчык можа прыйсці, і мы пакажам ёй відэазапіс, дзе ёй усё растлумачылі».
Герб «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Прадукцыя з яго выявай можа свабодна прадавацца на тэрыторыі краіны.
naviny.by