Блогеру Vadimati афіцыйна прад'явілі абвінавачванне. Яго перавязуць у Гродна

Віну хлопец не прызнаў, адзначае тэлеграм-канал «Право имеют».

_5375418134250501182_120.jpg

Гродненскаму блогеру Вадзіму Ермашуку, вядомаму як Vadimati, афіцыйна прад'явілі абвінавачванне. Цяпер ён афіцыйна праходзіць па двух крымінальных артыкулах — 368-м («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і 370-м («Здзек над дзяржаўнымі сімваламі»).

Віну па абодвух артыкулах ён не прызнаў. На гэтым тыдні яго этапуюць у Гродне. «Вельмі сумуе па ўсім», — адзначае яго сяброўка.

19 жніўня Вадзіма Ермашука асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту ў Шчучынскім раённым судзе. Яго судзіў суддзя Дзмітрый Ціунчык паводле арт 24.23 КААП за нібыта заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства — на скейт-пляцоўку ў Шчучыне.

19 жніўня каля 13.30 у стрыечнай сястры блогера Вадзіма Ермашука пачаўся ператрус. У сілавікоў была пастанова на ператрус у рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Новы суд над блогерам пачаўся 8 верасня. У пасяджэнні абвясцілі перапынак да наступнага дня ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем падсуднага: у яго была тэмпература і падвышаны ціск. Напярэдадні яму выклікалі «Хуткую», распавяла знаёмая Вадзіма Ермашука.

9 верасня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак. Прычынай новага пратаколу нібыта стаў ягоны званок у службу «115» 13 жніўня і нецэнзурныя выказванні з нагоды ЖКГ і гарвыканкама.

16 верасня стала вядома, што Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па дзвюх справах па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».Вадзім Ермашук — Instagram-блогер і прадавец на рынку «Карона». Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. 27 кастрычніка 2020 года яго асудзілі на штраф у 20 базавых велічынь (тады — 540 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна за марш гродзенцаў 30 жніўня. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па «палітычных» працэсах. Называе сябе «народным дэпутатам» і здымае ў гэтым вобразе відэа.