«Была абураная несправядлівым ужываннем сілы». У Мінску затрымалі намесніцу дырэктара адной з гімназій

У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя пра затрыманне намесніцы дырэктара сталічнай гімназіі № 42 Святланы Хромавай. У сеціва выклалі відэа, дзе жанчына распавядае пра ўдзел у акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Святлана Хромава. Скрыншот з відэа

Святлана Хромава. Скрыншот з відэа

У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа са Святланай Хромавай — намесніцай дырэктара па вучэбнай рабоце мінскай гімназіі № 42.
Жанчына распавядае, што падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе таксама з'яўлялася намесніцай старшыні выбарчай камісіі, якая размяшчалася на тэрыторыі гімназіі. Там знаходзіўся ўчастак для галасавання № 35.
Паводле слоў жанчыны, яна была абураная несправядлівым ужываннем сілы з боку міліцыі, таму выходзіла на маршы не менш за пяць разоў. Пратэсную сімволіку не выкарыстоўвала. Таксама была падпісаная на тэлеграм-каналы, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Паводле інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў, была затрыманая і дачка Святланы Хромавай.
Сцвярджаецца, што ў дачыненні да іх распачатая крымінальная справа паводле артыкула 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).