Былы амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня выйшаў на волю
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода». Як распавяла журналістам дачка былога дыпламата Анастасія, Ляшчэню прывезлі дадому.
Пазней Анастасія Ляшчэнянапісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што бацька просіць усіх зразумець і дараваць, бо ў найбліжэйшы час не будзе выходзіць на сувязь — хочацца адпачыць у спакойнай хатняй абстаноўцы, і перадае наступнае паведамленне:
«Дарагія сябры! Я вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку! Сёння, у пятніцу, 20 жніўня, я быў адпушчаны дадому. За мной пакуль захоўваецца статус падазраванага. Я даў падпіску пра неразгалошванне ходу следства. Напэўна, цяпер я магу называцца і як Пасол у натуры. Ігар Ляшчэня, Пасол Беларусі ў Славакіі (2016–2020)».
Сілавікі прыйшлі дадому да былога дыпламата Ігара Ляшчэні раніцай 11 жніўня. У той жа дзень ператрусы прайшлі яшчэ ў некалькіх дзясяткаў удзельнікаў ініцыятывы «Сход», аднак абсалютную большасць з іх пасля допыту адпусцілі дадому пад падпіску аб неразгалошванні. Ляшчэня ж паехаў у камеру на завулку Акрэсціна.
«Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску працягвае расследаванне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы. Следчымі даследуецца інфармацыя аб дачыненні Ігара Ляшчэні да ўчынення дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», — паведаміла агенцтву «Интерфакс-Запад» афіцыйная прадстаўніца УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.