Былы вязень расказаў пра «выпраўленне» ў турме

Пра асаблівасці выпраўлення ў беларускай турме Дзмітрый Дзегцяроў ведае не з чутак. Больш за 7 гадоў ён правёў у 15-й папраўчай калоніі Магілёва: адбываў пакаранне паводле 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Зараз ён актывіст праваабарончай арганізацыі «Таймакт». Дзмітрый падзяліўся сваім досведам з Белсатам.

dzegciarou.png


«Яна [турма] скіраваная на прыніжэнне чалавека. Гэта ні ў якім выпадку не яго выпраўленне. Працаўнікі спрабуюць зламаць цябе псіхалагічна, як і ў прынцыпе ўся сістэма. Гэта праяўляецца і ў стаўленні саміх супрацоўнікаў, і ў дачыненні медыцыны, якая там прапаноўваецца, наяўнасць рабскай працы ў папраўчых калоніях».
Пакутуюць вязні і ад побытавых умоваў: не стае пітной вады ды прыстойнай ежы. Аднак асноўная праблема, на думку Дзмітрыя, – немагчымасць давесці сваю невінаватасць у выстаўленым парушэнні рэжыму. Яшчэ ў турме ён стаў фіксаваць парушэнні ды дапамагаць асуджаным бараніць свае правы. Пасля вызвалення – працягнуў праваабарончую дзейнасць.
«Асноўны метадам уздзеяння, які можна прыняць – гэта дазволіць няўрадавым арганізацыям, праваабарончым арганізацыям наведваць месцы зняволення: турмы, СІЗА, папраўчыя ўстановы, даць ім доступ для маніторынгу», – кажа Дзмітрый Дзегцяроў.
Сітуацыю з правамі асуджаных можа палепшыць толькі максімальны грамадскі кантроль – лічыць і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Арганізацыя запусціла мультымедыйны праект: «Без права на расправу». Партал, на якім сабраныя гісторыі людзей, што зазналі гвалт і прыніжэнне ад міліцыі і ў турмах.
«Грамадскага інтарэсу і грамадскага разумення сітуацыі больш за ўсё і баіцца той, хто ўжывае катаванні і жорсткае абыходжанне. Таму што калі гэта становіцца вядома, калі гэта трапляе пад кантроль той ці іншы, яно ўжо мае шанцы быць спыненым», – гаворыць юрыст Павел Сапелка.
Апытаныя ж Белсатам гомельцы пра такія праблемы не чулі: «Не ведаю амаль нічога пра гэта», «Як там жывуць людзі нават не ведаем», «Гэта неяк не на слыху, таму што гэтага не распавядаюць, не публікуюць нідзе», «Толькі з газет», — такія былі адказы.
З 2014-га да 2017-га года ад грамадзянаў паступіла каля сямісот скаргаў на катаванне і жорсткае абыходжанне. Праводзілі расследаванне і распачыналі крымінальныя справы толькі ў 10-ці выпадках.