Чаму маці Юрыя Захаранкі дамагаецца закрыцця справы аб знікненні сына

Ульяна Захаранка, маці зніклага ў траўні 1999 году экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, накіравала скаргу генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку. Ульяна Захаранка просіць спыніць справу аб знікненні яе сына і абавязаць Следчы камітэт даць ёй магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія сабралі следчыя. 



ulliana_zacharanka.jpg

Чаму маці зніклага апазіцыянера дамагаецца спыніць вытворчасць па крымінальнай справе, патлумачыў прадстаўнік Ульяны Захаранкі праваабаронца Алег Воўчак.
«Найперш, тэрмін даўніны па прыцягванні да адказнасці па гэтай справе мінуў — 15 гадоў мінула, як знік Юры Захаранка, яшчэ ў траўні. Закон строга абавязвае орган папярэдняга следства справу спыніць. Для чаго гэта нам трэба? У нас „вісіць“ у судзе грамадзянская справа аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым, якая прыпыненая ўжо 12 гадоў таму, да часу, пакуль не спыняць справу аб знікненні. Гэта неабходна сваякам Захаранкі, каб забраць у спадчыну 4-пакаёвую кватэру ў Мінску, якая лічыцца за Юрыем Захаранкам, і ёй распараджацца. Трэцяя мэта — паводле закону, калі справу закрываюць, пацярпелыя могуць азнаёміцца з яе матэрыяламі. Ульяна Захаранка хоча ведаць, чым займаліся следчыя гэтыя 15 гадоў, і, магчыма, атрымаць адказ на пытанне, чаму яны дагэтуль не знайшлі яе сына».
Алег Воўчак патлумачыў, што спыненне справы аб выкраданні Захаранкі не азначае, што мусіць спыніцца і аператыўна-вышуковая справа, якую абавязаная далей працягваць управа сталічнай міліцыі. «Гэтую справу мусяць весці, пакуль не высветляць месца знаходжання Юрыя Захаранкі. У абавязак устаноў МУС уваходзіць шукаць, правяраць версіі, аператыўным шляхам выяўляць асобаў, якія датычныя да гэтага злачынства. То бок шукаць не толькі яго, але і ягоных выкрадальнікаў і перадаваць звесткі ў Следчы камітэт. Калі такая інфармацыя будзе атрыманая, то Следчы камітэт мае права аднавіць справу аб выкраданні».
svaboda.org