Ці не аб’ядуць нас слімакі і смаўжы?

Іх апошнім часам размножылася нямерана. Нашэсце ў флоры чужых нам залатарніка і баршчэўніка не палохае толькі дурных. Што да фаўны, то… знайшоў днямі ў гайку побач з месцам жыхарства гіганцкую ракавіну нейкага слімака.

fota_1._ahacina._logo.jpg

Слімак-гігант

Домік слімака велічынёй з мабільнік або палову смартфона. Даўглявы, з шырокага боку трэшчына і пройма. Мабыць, варона дзюбай жыхара дастала. У хатніх умовах было праверана: у ракавіну лёгка і з ахвотай улазіць хамяк.


fota_2._hahacina_logo.jpg


З ёю, пустой ужо, вырушыў у Палескі аграрны-экалагічны інстытут.

«Ніякая не марская істота ў ёй жыла, — патлумачыў навуковы супрацоўнік інстытута Віктар Дзямянчык-junior. — Ахаціна, сухапутны слімак. Achatina achatina па-латыні. Яны ўвогуле да 30 сантыметраў дарастаюць. Яго хатнім лічаць, дзецям як забаўку купляюць. Ды хутка надакучвае за ім глядзець-хадзіць, то выкідаюць. Гэта афрыканскі від, у нашай прыродзе не выжывае. Восенню халадней стане, то прыладкуецца дзе пад карчом, эпіфрагмай сябе закрые, кальцыевай такой заслонкай, і думае, што перасядзіць. Але не — малейшы мароз яго забівае».

Расійская смаўжовая катастрофа — ці будзе ў нас?

Спытаў пра лавінападобнае размнажэнне смаўжоў у нас. Ці не паўторыцца расійская драма? Паводле расійскіх СМІ, смаўжы тысячамі нападаюць на сельгасугоддзі ды лецішчы, пазбаўляючы гаспадароў ураджаю. Сотнямі кілаграмаў іх збіраюць — і ўсё роўна не даюць рады.


Слімакі і смаўжы.

Слімакі і смаўжы.

«Там паўднёвыя віды разбойнічаюць, італьянскі і каўказскі, — быў адказ. — Да нас яны, па-першае, яшчэ не дайшлі, па-другое, у нас ім некамфортна. Халаднавата. У нас, акрамя грыбных невялікіх, жыве гіганцкі смоўж, чорны або паласаты. Але таксама занадта распаўсюдзіцца не можа — праз холад».



Вораг ворага — гэта сябар

Згадваю ўдалае сваё фота: дрозд падабраў расчаўленага камунгасаўскім трымерам слімака. Ці ёсць у гэтых малюскаў натуральныя ворагі?


fota_9._logo.jpg


«Няшмат, але ёсць, — сведчыць Віктар Дзямянчык. — Смаўжоў, слімакоў вожыкі спажываюць, некаторыя птушкі. Совы нават».


Да нас прыпаўзлі грошы!

А як слімакі звычайныя, з домікамі? Не такія вялікія, як нянаская ахаціна, але якіх месцамі як насыпана? Цяпер пайшлі дажджы, вільгаць, а гэта значыць — быць выбуховаму росту іх колькасці. А іх і так нямерана, чавіш нагамі ўвечары на лецішчы, як ні старайся слацца тыбецкім манахам. Яны нам пагражаюць? Аб’ядуць? Заб’юць нейкай сваёй заразай?


Слімаковы рай на лецішчы.

Слімаковы рай на лецішчы.

«Не варта баяцца, — адказалі ў Палескім аграрна-экалагічным. — Шкода ад слімака звычайнага мінімальная. Наадварот, ён сам — гэта жывыя грошы. Калі ўдасца наладзіць кантакт з фірмамі, якія іх купляюць — можна няблага зарабіць».

Кажу, што чуў: можна атруціцца тымі слімакамі. «Усё прасцей, чым вы думаеце, — кажа мой суразмоўца. — У страву ідзе толькі падэшва слімака. Нагой яна яшчэ называецца, бо пры дапамозе гэтага мускула ён перамяшчаецца. Рэшта выкідаецца, і тады бяспечна».


fota_8._logo.jpg


Разумею, што гэта няпоўная інструкцыя перад спажываннем, і падкрэсліваю чытачам, асабліва няўважлівым? не спяшайцеся трэскаць слімакоў прыгаршнямі, парайцеся з кухарамі. Вядома, найпрасцей праз інтэрнэт — ёсць у нас райскі камфортная опцыя, плён тэхнічнай рэвалюцыі.

А што кажа сеціва?

З гэтай думкай заглянуў да дзядзькі Гугла і сам. Аёй! Аказваецца, смаўжы («слизень» па-расійску) апанавалі не толькі цёплы поўдзень суседзяў. Мангола-татарскія памеры набыў іх набег на Падмаскоўе, на Маскву нават! У Пецярбургу іх нібыта процьма! Называюць паміж іх і гіганцкага чорнага. Клянуць як інвазіўны, небяспечны від. Адна даволі нацыянальная дэталь прымусіла рагатнуць. Вынайшлі там спосаб барацьбы з імі: піва. Наліваюць смаўжам у плыткую пасудзіну, і кучкуюцца тыя пачвары нястрымна, штурхаюцца ля карыта, напіваюцца п’янымі. Але не здыхаюць, не. Збіраць іх, пішуць, трэба. Неадкладна! Пакуль п’яныя. Бо назаўтра ўсё — цверазняк і зноў поўная іх Цвер. Або Твер? Карацей, параспаўзаліся зноў.

Што гэта, сенсацыйная журналістыка? Пагатоў што шуміха датуецца пераважна мінулым годам. Ці ёсць-такі ў гэтых катастрафічных акордах рацыянальнае зерне?
Фота аўтара.