Ці шмат смерцяў у Баранавіцкім раёне? Кажуць, за 15 гадоў столькі не бачылі
Афіцыйнай інфармацыі пра смяротнасць ад COVID-19 у Баранавіцкім рэгіёне
няма, што спараджае нямала чутак вакол гэтай тэмы. Intex-press пацікавіўся ў
супрацоўнікаў рытуальных агенцтваў, што змянілася ў іх працы з другой
хваляй каронавіруса і ці часта даводзіцца хаваць людзей з пацверджаным
ковідам.
Практычна ва ўсіх рытуальных агенцтвах, куды Intex-press атрымалася датэлефанавацца, адзначаюць, што «смяротнасць стала вышэйшай, і памірае шмат маладых».
— Яно, ведаеце, бывае то наплыў, то зацішша. Зараз наплыў большы, чым па вясне, нашмат большы. І больш маладых стала паміраць, — распавяла супрацоўніца аднаго пахавальнага бюро.
У іншым агенцтве гэтую інфармацыю таксама пацвердзілі:
— Стала больш працы. Вось жнівень, верасень і кастрычнік зацішша было, а ў лістападзе наплыў пайшоў.
Яшчэ ў адным бюро рытуальных паслуг заўважылі, што ў лістападзе ў гэтую арганізацыю вельмі часта звярталіся па дапамогу ў пахаванні.
— За месяц менавіта наша бюро — а мы працуем не толькі па горадзе, але і па Баранавіцкім раёне, —пахавала каля 50 чалавек. За 15 гадоў маёй працы такога не было, — адзначыла супрацоўніца.
Толькі ў двух агенцтвах, якія займаюцца правядзеннем і арганізацыяй пахавання, сказалі, што ў іх працы асаблівых зменаў не адбылося.
Мяркуючы па атрыманай інфармацыі, нябожчыкі з пацверджаным COVID-19 і пахаванне ў закрытай труне не з'яўляюцца нечым незвычайным, як гэта было вясной.
— Людзі папярэджваюць, што ковід, забіраем цела адразу з морга ў закрытай труне. Нікога не падпускаем развітвацца. Ды гараджане і самі ўжо ведаюць, — распавяла супрацоўніца аднаго з агенцтваў.
І колькасць пахаванняў з такім «дыягназам» павялічылася. Калі вясной выпадкі былі адзінкавыя, то цяпер, як адзначылі ў іншым бюро рытуальных паслуг, ледзь не кожны пяты нябожчык з пацверджаным ковідам.
Зрэшты, паміраюць людзі не толькі ад яго.
— Паміраюць і ад сэрца — прынамсі так паказваюць у дакументах, шмат анкалогіі, узрост... — сказала працаўніца яшчэ адной рытуальнай канторы.
Змянілася не толькі цырымонія развітання з памерлым, амаль не заказваюць зараз і памінкі. Хоць бываюць выключэнні.
— Нядаўна замовілі памінкі — хоць мы, вядома, спрабавалі адгаварыць: пандэмія ўсё ж такі. Але сваякі памерлага вырашылі рабіць на 100 чалавек, — распавялі ў адной з устаноў. — Меры бяспекі, вядома, узмоцненыя. Дэзсродкі стаяць. Людзі заходзяць і выходзяць у масках — мы за гэтым сочым. За сталамі, натуральна, сядзяць без масак, але вытрымліваючы дыстанцыю.
Як сцвярджаюць у рытуальных канторах, іх супрацоўнікі імкнуцца выконваць меры бяспекі: яны забяспечаныя пальчаткамі, маскамі, шчыткамі, антысептыкамі.
Тыя, хто прымае непасрэдны ўдзел у пахаванні, кажуць, што цяпер «працаваць не так страшна, як было вясной».
— Вясной баяліся, цяпер не. Выконваем меры засцярогі. У мяне ў штаце дзесяць чалавек, і ніхто з іх не хварэў. Нас Бог абносіць, — адзначыў адзін з работнікаў.