Ці пераможа вышыванка георгіеўскую стужку?

Беларуская арнаментальная вышыванка супраць расійскай георгіеўскай — ці, як яе яшчэ пагардліва называюць, каларадзкай — стужкі. Беларускі рок і этнамузыка супраць расійскага гэтак званага шансону, а насамрэч супраць спеваў крымінальнікаў. Ці не вядзецца апошнімі гадамі ў Беларусі вайна стыляў? Як адбываліся такія войны ў беларускай гісторыі? Нарэшце, ці магчымая перамога беларускага стылю над расійскім?



stuzhka2.jpg

Прадстаўляем вашай увазе гутарку Вячаслава Ракіцкага з Радыё Свабода з этнакультуролагам, мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

— Насамрэч, Тодар, ці мы маем справу з вайной стыляў, ці проста з іх супрацьстаяннем? А мо стылі існуюць самі па сабе, аўтаномна, не чапаючы адзін аднаго?

— Вайна ў сваіх мілітарных праявах, як супрацьстаянне пэўных геапалітычных субʼектаў, адступае. Сучаснымі інструмэнтамі вайны становяцца ідэалагічныя, сэмантычныя, лінгвістычныя, рэлігійныя і іншыя фактары. Дыктатара Кадафі зрынулі не з эканамічных прычынаў, а з стылістычных, кланавых, рэгіянальна-палітычных. Заўсёды пэўная частка грамадства здольная пачаць вайну з-за стылістычных, сімвалічных канфліктных непаразуменняў.

— Але каб ваяваць, трэба мець тое, за што варта змагацца, а таксама зброю, з дапамогай якой абараняеш сваё. У дадзеным выпадку мы гаворым пра вайну за нацыянальны стыль. Калі патлумачыць вельмі проста, дык нацыянальны стыль — гэта прыхільнасьць да пэўных культурных каштоўнасцяў, традыцыяў і звычак, укаранёных у нацыянальнай культуры. І вось такое пытанне — беларусы маюць свой стыль ці не? Часта можна пачуць, што беларусы ня маюць свайго стылю, што яны існуюць як прыдатак нейкага агульнаславянскага, усходнеславянскага ці нават расейскага стылю...

— Па-першае, трэба раздзяліць стыль этнічны, стыль мужыцкай культуры са старажытнымі індаеўрапейскімі каранямі, і стыль часоў уваходжання нашай краіны ў палітычнай якасці ў сфэру еўрапейскай традыцыі. Чамусьці на стылі этнічным найболей паспяховых праектаў, звязаных з арнамэнтамі. З іншага боку, мы фатальна страцілі арыстакратычную культуру. І вось вяртанне гэтага стылю, на мой погляд, — найбольшая праблема Беларусі.

stuzhka2.jpg

Тодар Кашукрэвіч

 

— Напэўна, фармаваўся і развіваўся арыстакратычны стыль тады, калі менавіта эліты ачольвалі нацыю? Яны насамрэч разумелі сутнасць праблемы і сваю ролю ў фармаванні менавіта нацыянальнага стылю?

— Нашы эліты часоў ВКЛ вельмі добра разумелі тое, што палітычныя рэформы ў краіне, яе палітычная моц звязаная ня толькі з прыняццем палітычных рашэнняў. Узгадайма факт прыняцьця царкоўнай уніі, якая спачатку задумвалася як палітычная акцыя. Царкоўныя догматы хрысьціянскіх канфэсіяў не былі аж нагэтулькі адрозныя і зразумелыя для паспалітых грамадзянаў ВКЛ. Найбольш істотнай была «старына», гэта значыць — прызвычаенасць да стылю. «Старыны ня рушыці» — было адным з галоўных прынцыпаў, ідэалагемаў творцаў мадэлі тагачаснага ўладкавання дзяржавы. З прыняццем рэлігійнай рэформы адбыліся істотныя стылістычныя рэформы — іканаграфічныя, архітэктурныя. Стыль гэтак званага віленскага барока першапачаткова быў рэалізаваны як стыль уніяцкіх бажніцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Людзі, адказныя за ўпарадкаванне дзяржавы, уяўлялі сабе змену стылістычнага твару краіны як палітычную праблему.

stuzhka3.jpg

Сафійскі сабор у Полацку (адноўлены ўніятамі)

 

— Што з беларускага стылю ўкаранілася найбольш моцна? Ад чаго беларусы, так бы мовіць, нават на генэтычным узроўні ня могуць адмовіцца нават сёння?

— Жывучы ў мястэчку, магу сказаць, што асноўны, кансервуючы фактар свядомасці беларусаў — фанетыка. Хоць людзі размаўляюць расійскім слоўніцтвам, але менавіта фанэтыка для іх — знак роднасці. Цвёрдыя -ч-, -ш-, -ж-, -шч- нават са стратай мовы захоўваюцца як сваё. На іншым узроўні выглядае парадаксальным, што арнаменты (вышыванкі, вышымайкі) сталі моднымі нават у асяроддзі гламурных маладых людзей. Можна, напэўна, з гэтай нагоды сказаць, што нейкія архетыпы працуюць сёння і ў моладзевых асяродках.

stuzhka4.jpg

Будслаў. Парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (барока, XVIII ст.)

 

— Калі ў беларускай гісторыі пачалося супрацьстаянне стыляў? Якое стылістычнае супрацьстаянне для Беларусі было найбольш працяглым, драматычным, а мо і вызначальным? Чаго прынцыпова не прымалі нашы продкі?

— Нашы продкі — магнаты-фундатары, рэлігійныя дзеячы і інш., ужо на часы 16-га ст. вельмі добра разумелі стылістычны фактар у войнах, геапалітыцы, дзе могуць быць паразы і перамогі. Нездарма перш за ўсё рабіліся захады дзеля стылістычнага рэфармавання. Магнаты-фундатары былі неверагодна багатымі людзьмі, але будавалі храмы, вельмі сціплыя звонку. А вось унутры былі вычварныя барокавыя алтары і іканастасы. Навідавоку іншы эстэтычны стэрэатып, свядомая ўстаноўка контрамаскоўскага стылістычнага мыслення. Стылістычнае супрацьстаянне нашай краіны адбывалася выключна з усходнім суседам. Адбывалася стагоддзямі, працягваецца і дагэтуль. Дагэтуль у Беларусі расійская праваслаўная царква працуе на геапалітычныя інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі. Працягваецца масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў у маскоўскім стылі, залачэнне купалоў.

stuzhka5.jpg

— Культурная экспансія Расеі ў Беларусі працягваецца. Працэсы шмат у чым падобныя да тых, што адбываліся ў ХІХ стагоддзі. Але ж відавочнае апошнімі гадамі і супрацьстаянне носбітаў беларускай культуры, нацыянальнага стылю «русскому миру» з яго рускім стылем.

— Пятая калона ў Беларусі працуе. Маю дзясяткі прыкладаў, калі шараговыя грамадзяне — прыхільнікі ідэі «русского мира», беларусы ці этнічныя рускія адпрацоўваюць на месцах свае дробныя ролі. Вось адзін прыклад. У маёй альма-матэр, Акадэміі мастацтваў, на юбілей рабіліся псеўдафальклёрныя пастаноўкі з дзяўчатамі ў какошніках. А рэктар, мастацтвазнаўца Міхал Баразна, у тым ліку спэцыяліст у авангардным мастацтве, скрозь пальцы на гэта глядзеў... Вось вам і стыль у кузні стылю!

stuzhka6.jpg

— Сёння ў барацьбе з маскоўскім стылем на першае месца выйшлі вышыванкі. Чаму за вышыванкі, ці, дакладней, за беларускі арнамэнт так ухапіліся беларускія патрыёты, перадусім маладыя? Ад бездапаможнасці ў змаганні за мову? Візуальны стыль прасцейшы? Ад няверы ў апазыцыйных палітыкаў? Ці мо ўвогуле спрацоўвае інстынкт нацыянальнага самазахавання? Страх перад магчымай акупацыяй?

stuzhka7.jpg

— Адзначу, што беларускі арнамент — адзін з самых старажытных, прыгожых і стылёвых у індаеўрапейскім свеце. Я — як, у пэўным сэнсе, дызайнер і культурны правакатар — магу сказаць, што моду на пэўныя адаптацыі беларускага арнамэнту, дызайнэрскія рэдакцыі і папулярызацыю гэтай стылістычнай тэмы мы запусцілі яшчэ ў ліхія 1990-я гады. Цешуся з таго. І застануся шэрым кардыналам гэтай плыні, пра каго ніхто ўжо не ўзгадае. Моладзь ухапілася, бо мы змаглі зрабіць з арнамэнтаў — не «калхазанскі» стыль, а стыль са знакам якасці. Падкрэслю, што візуальны стыль больш просты для нацыянальнай ідэнтыфікацыі, чым моўны. Я, напрыклад, паўсюль размаўляю па-беларуску, і мяне нават баяцца, бо я выглядаю на брутальнага фацэта за 50. Што ад яго можна чакаць?.. Вось і маўчаць. А што беднае беларускамоўнае дзяўчо будзе даказваць прадаўшчыцы?! Усё, што яна можа, гэта начапіць сабе на руку стужку з арнамэнтам. Цікавейшы іншы аспэкт закранутае тэмы. А навошта модным, заангажаваным у сучасныя глябалістычныя мадэлі маладым людзям пазыцыянаваць сябе стылістычна як прадстаўніка нейкай нацыянальнасці? Нацыянальнасці ў сучасным свеце ўвогуле рассыпаюцца, размываюцца. А ў Беларусі гэтымі стужачкамі маладым людзям хочацца пазыцыянаваць сябе як нацыю.

stuzhka8.jpg

Вячаслаў Ракіцкі і Тодар Кашкурэвіч у студыі Радыё Свабода

 

— Навошта?

— Мая субʼектыўная думка — выяўляць сваю адрознасць у Беларусі і ў свеце. У цэлым як да тэндэнцыі я да гэтага стаўлюся пазытыўна. Час пакажа, дзе было добра, а дзе — не надта.

— Дык вышыванкі — насамрэч важны складнік нацыянальнага стылю? Не «калхазанства», як кажуць некаторыя?

— Кажуць так тыя, у каго ў саміх ёсць комплекс. Выкарыстанне, культываванне арнамэнтаў, народных строяў у Фінляндыі, Нарвегіі, Іспаніі, Баварыі — наадварот, факт нацыянальнай годнасці. Як мастак, культуролаг магу сцвердзіць, што вялікія культурныя, рэлігійныя, цывілізацыйныя рэвалюцыі рабіліся з увядзеннем новых маральна-этычных нормаў, лікавай формы апісання свету і візуальнага сімвала — магендавіда, крыжа, пяціканцовай зоркі, свастыкі ды іншага. Гэтыя ініцыятывы і ў беларускай гісторыі спрацавалі значна мацней, чым палітыкі.