Чорную ікру — народу!

Беларускія навукоўцы збіраюцца атрымліваць уласную чорную ікру, каб зрабіць дэлікатэсы даступнымі для народа.



czornaja_ikra_1.jpg

Журналісты «Минского курьера» пагутарылі з загадчыцай лабараторыі развядзення і вырошчвання каштоўных відаў рыб Інстытута рыбнай гаспадаркі РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» Святланай Дакучаевай.
— Святлана Іванаўна, над чым працуюць у вашай лабараторыі?
—  У гэтым годзе завяршаем распрацоўку тэхналогіі фармавання і эксплуатацыі ікорнага статка сцерлядзі. Дзякуючы гэтаму зможам атрымліваць чорную ікру ўласнай вытворчасці. Яе кошт будзе мінімум у два разы ніжэй у параўнанні з імпартным.
Наступны аб'ект нашай увагі — ленскі асётр. Каб яго вырошчваць, мы вымушаныя закупляць маладняк, з-за гэтага канчатковы прадукт каштуе даволі дорага і не вельмі даступны для насельніцтва. Калі будзем самі выводзіць патомства гэтага віду, яго сабекошт стане значна ніжэй.
—  Якія перспектывы рыбаводства ў нашай краіне, і ці выгадны гэта бізнес?
— У 2012 годзе ў рэспубліцы вырасцілі 17,6 тыс. т таварнай рыбы, з іх каштоўных відаў — 228,9 т, у тым ліку ласосевых — 71,8 т, асятровых — 97,5 т, сомавых — 59,6 т.
Сабекошт вырошчвання, напрыклад, еўрапейскага сома ў сажалках складае 13-15 тыс. рублёў на кілаграм, стронгі — 50-60 тыс., асятра ў басейнах — 55-60 тыс. Сярод асятровых найбольш выгадна вырошчваць вясланоса, бо яму не патрэбны камбікорм. Сабекошт рыбы — не больш за 20 тыс. рублёў на кілаграм. Яго актыўнае развядзенне дасць магчымасць значна знізіць рознічны кошт і зрабіць далікатэсную рыбную прадукцыю больш даступнай для шараговага спажыўца Беларусі.
Таксама перспектыўна ўводзіць у вадаёмы рыбгасаў буфала, судака, сома, сігавых рыб, бестэра (гібрыд бялугі і асятра).
Распрацоўкі навукоўцаў будуць больш запатрабаванымі і эфектыўнымі, калі вытворчасць паставіць перад інстытутамі канкрэтныя задачы. Вядома, за 2 гады правесці значныя даследаванні складана. Бо, напрыклад, асятровыя рыбы спеюць ва ўзросце 8-15 гадоў. Таму было б нядрэнна сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы па асобных кірунках.
Вырошчванне каштоўных відаў — справа выгадная, бо мае экспартны патэнцыял, і, калі мы знойдзем шляхі, каб паменшыць іх сабекошт, кошт далікатэснай рыбы значна знізіцца і попыт на яе будзе вельмі высокі.
mk.by