Чаму чыноўнікі не хочуць адмаўляцца ад машын?
22 верасня — у Сусветны дзень без аўтамабіля — шмат хто з вадзіцеляў скарыстаўся магчымасцю бясплатна ездзіць на грамадскім транспарце. І калі на станцыі метро «Кунцаўчшына» такіх было пад 100 чалавек, то бліжэй да ўрадавых будынкаў — нікога. Чаму чыноўнікаў не цешыла перспектыва «паходу ў народ»?
![_horad___transpart___autamabili___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg _horad___transpart___autamabili___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg](/img/v1/images/_horad___transpart___autamabili___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Карэспандэнт «Народнай Волі» пацікавіўся, як мінчане адзначалі на гэтым тыдні Сусветны дзень без аўтамабіля.
Такая акцыя праходзіла ў Мінску ўжо ў чатырнаццаты раз. Яе ідэя заключаецца ў тым, каб папулярызаваць экалагічны транспарт і нагадаць людзям пра важнасць экалагічнай бяспекі ва ўмовах мегаполіса.
Паводле традыцыі, 22 верасня вадзіцелям, якія вырашылі на час адмовіцца ад аўтамабіляў, дазвалялася ездзіць без аплаты ў гарадскім транспарце, уключаючы метро. Кантралёрам можна было проста прад’явіць пасведчанне вадзіцеля і пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
…З самага ранку да Адміністрацыі прэзідэнта пад’язджалі машыны — прывозілі на працу чыноўнікаў. Відаць, хаця б на дзень адмовіцца ад аўто для многіх вялізная праблема. Не выключана, што кагосьці і наогул не цешыла перспектыва «паходу ў народ», бо людзі маглі пазнаць і задаць, мякка кажучы, нязручныя пытанні. Таму лепш ужо на аўто з асабістым вадзіцелем — ледзь не да самых прыступак Адміністрацыі. Хаця, магчыма, хтосьці і аддаў перавагу метро альбо маршрутцы.
Ля Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое месціцца практычна ў цэнтры Мінска, на аўтастаянках і ля тратуараў — машыну не ўціснуць. Праўда, у гэтым жа будынку знаходзіцца яшчэ Міністэрства юстыцыі, Дэпартамент па архівах і справаводстве, Рэспубліканская калегія адвакатаў, рэдакцыя часопіса «Юстыцыя Беларусі», а таксама кафэ «Август», таму не разбярэшся, то прыехаў на аўтамабілі на працу ахоўнік навакольнага асяроддзя або наведвальнік кафэ.
А вось у метро ў гэты дзень і насамрэч многія ездзілі бясплатна, пакінуўшы аўтамабіль дома.
— За шэсць гадзін чалавек сто паказалі вадзіцельскае пасведчанне, — распавёў мне кантралёр на станцыі «Кунцаўшчына». — І нават без пасведчання прапускаем — пасля прад’яўлення тэхпашпарта.
Затое на станцыі метро «Купалаўская», дзе якраз і знаходзіцца выхад да Адміністрацыі прэзідэнта, такімі паказчыкамі пахваліцца не маглі.
— Практычна ніхто не скарыстаўся магчымасцю бясплатнага праезду, — коратка паведамілі кантралёры.
«Народная Воля» вырашыла пацікавіцца ў некаторых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ці паўдзельнічалі яны ў акцыі ў падтрымку экалогіі.
— Я ў гэты дзень ад аўтамабіля не адмовіўся, — шчыра прызнаўся Алег Гайдукевіч. — Нармальна стаўлюся да гэтай акцыі, але не люблю маніць. Я не меў магчымасці адмовіцца ад аўто. Жыву за горадам, і патрэбна было шмат перамяшчацца. І дзяцей адвезці ў школу, і на запланаваныя сустрэчы паспець. На веласіпедзе нязручна, тым больш у дождж.
Але, безумоўна, я за тое, каб у буйных мегаполісах развіваліся электрамабілі. Лічу, што за гэтым будучыня. Адзінае, што мы павінны думаць, як іх зрабіць больш даступнымі для людзей, бо сёння большасць сабе такую дарагую раскошу дазволіць не можа.
Таму Дзень без аўтамабіля — гэта добрае пачынанне, але, скажам так, недасканалае. Свет пабудаваны так, што людзі не змогуць адмовіцца ад аўтамабіляў у бліжэйшы час. Гэта ўтопія.
І Андрэй Савіных не ўтойваў, што ў гэты дзень ездзіў на працу на ўласнай машыне.
— Я ўвогуле ад вас упершыню пачуў, што 22 верасня праводзілася такая акцыя, — здзівіўся дэпутат. — За справамі, відаць, прапусціў гэтую інфармацыю.
Але, на мой погляд, разавыя акцыі не з’яўляюцца рашэннем праблемы. Рашэннем павінна станавіцца планамерная і прадуманая палітыка, якая была б накіравана на адмену індывідуальнага траспарту і паступовы пераход на грамадскі, які ў ідэале павінен працаваць на электрычнасці. Вось такую работу я, безумоўна, падтрымліваю.
А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў адмовіўся ў Дзень без аўтамабіля ад машыны, зараз ён знаходзіцца «ў адпачынку ў вёсцы».
— Падтрымліваю акцыю, бо ў нас некаторыя на аўтамабілі ездзяць у магазін, да якога прайсці сто метраў, — кажа мой суразмоўца. — Дык давайце хаця б у такі дзень адмовімся ад аўто і задумаемся пра экалогію. Лепш прайсці пехатой і падыхаць паветрам.
— Але, бачу, што многія чыноўнікі нават у гэты дзень не вельмі жадаюць «падыхаць паветрам»…
— Вось вы любіце глядзець у першую чаргу на чыноўнікаў. А вы апусціцеся на зямлю і паглядзіце, што сёння ў нас просты іпэшнік ці дробны бізнесмен едзе на працу на такой крутой машыне, што чыноўніку і не снілася. А вы на гэта ўвагі не звяртаеце…