Чаму мы стараемся пазбягаць цяжкасцяў?

Спрабуем разабрацца з тым, чаму калі выбіраеш «лёгкае» жыццё — атрымліваеце роўна наадварот. Магчыма камусьці з вас нашы парады і спатрэбяцца.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Здаецца, даўно вядомая мудрасць: “чым больш пазбягаеш цяжкасцяў, тым цяжэй жыць”. Але многія ўпарта працягваюць ухіляцца ад непрыемных сітуацый, у выніку чаго аказваюцца ні з чым. А падыходзіць да справы трэба крыху іначай, бо працуе гэта ў адваротным парадку. Мяркуйце самі:

  • Фізічныя практыкаванні — гэта цяжка і не вельмі прыемна. Але калі імі не займацца, з часам здароўе пачне даваць збой, а выдаткі на лекі ў дактароў будуць у разы большымі і толькі расці.
  • Нязручныя размовы і канфлікты — таксама цяжка. Але калі іх доўга пазбягаць, у выніку ўсё стане яшчэ горай і скончыцца грандыёзным скандалам, які можа канчаткова разарваць прыязныя стасункі.
  • Вучоба і праца — не толькі цяжка, але яшчэ і далёка не заўжды цікава. Але потым будзе значна цяжэй жыць, амаль немагчыма рэалізавацца, калі не маеш за плячыма зусім ніякіх практычных навыкаў.

Бясконцае пазбяганне

Пазбяганне — гэта спроба сыходу ад нейкай праблемы ці складанасці. Напрыклад, вы можаце баяцца ездзіць у метро і ўвесь час пазбягаеце гэтага месца.

Што цікава, пазбяганне — гэта самая непрадуктыўная мадэль паводзін, якая толькі дадае праблем. Яна працуе прыкладна так: вы думаеце, што з вамі можа нешта здарыцца ў метро, пазбягаеце яго і тым самым падмацоўваеце свае думкі, але насамрэч нічога з вамі не адбываецца.

Альтэрнатыва пазбяганню — гэта сутыкненне з непрыемнай або страшнай сітуацыяй, але вельмі павольнае. Напрыклад, вы баіцеся публічных выступаў, але можна паспрабаваць расказаць нешта перад не вельмі вялікай аўдыторыяй. Якая да ўсяго будзе складацца са знаёмых людзей.

Вядома, што нават гэта будзе няпроста і дастаткова трывожна, але праз час вам стане лягчэй, і вы зразумееце, што вам рэальна пад сілу. А там недалёка і да таго, каб стаць душой кампаніі. Галоўнае — не ўхіляцца ад малапрыемных сітуацый. Бо пераадолець іх можна толькі паступовымі крокамі.

Ператварайце цяжкасці ў выклікі

Устойлівасць — адзін з асноўных складнікаў шчасця, поспеху і дабрабыту. Бо акурат тое, наколькі добра вы рэагуеце на злыбяды, вызначае вашую жыццяздольнасць.

Прафесар клінічнай псіхіятрыі Калумбійскага ўніверсітэта Дэвід Хелерстайн тлумачыць, што калі вы разглядаеце сітуацыю як пагрозу, актывізуюцца вашыя сістэмы рэагавання на страх. Гэта азначае, што ў целе будуць выдзяляцца гармоны, якія падвышаюць крывяны ціск і ўзровень глюкозы ў крыві, што толькі ўзмацняе трывогу.

І наадварот, калі сітуацыя разглядаецца як выклік, ваша цела вызваляе гармоны, якія спрыяюць аднаўленню клетак, выклікаюць рэлаксацыйныя рэакцыі і стымулююць эфектыўнае выкарыстанне энергіі.

Любы выклік варта ўспрымаць, як магчымасць і прыгоды. Спытайце сябе, якія новыя навыкі вам трэба вывучыць, каб справіцца з цяперашняй сітуацыяй, і як пераадоленне гэтага няшчасця дапаможа вам стаць больш устойлівым чалавекам.

photo_2022_11_28_23_30_32_logo.jpg

Дэлегаванне карысна не толькі кіраўніку

Калі гавораць аб карысці дэлегавання паўнамоцтваў, звычайна маюць на ўвазе толькі таго, хто іх дэлегуе. Гэта значыць кіраўніка арганізацыі, дырэктара кампаніі, адным словам таго, хто прымае рашэнні.

Усё так, але карысна яно будзе яшчэ і таму, хто бярэ на сябе дэлегаваныя задачы. Бо дадатковыя абавязкі і пашырэнне паўнамоцтваў цудоўна матывуюць супрацоўнікаў. Такі досвед стымулюе іх актыўнасць і павялічвае зацікаўленасць у выніку.

Часы, калі людзі цягам жыцця рабілі на адной працы, даўно мінулі. Цяпер многія ставяць фізічны і ментальны стан вышэй заробку і таму лёгка расстаюцца з малаперспектыўным месцам працы. Каб перадухіліць высокую бягучку кадраў, варта даваць праявіць сябе працаўніку.

Новыя задачы — гэта заўжды і новыя навыкі, якія падвышаюць каштоўнасць спецыяліста. Яны даюць і яму, і ягонаму кіраўніку даведацца аб магчымасцях супрацоўнікаў і ацаніць іхны патэнцыял.

5 тыпаў сяброў, якія дапамогуць даць рады з цяжкасцямі:

  • Настаўнік — чалавек, які ўжо назапасіў запас жыццевай мудрасці і шчодра ім дзеліцца. Заўжды дапаможа, калі не справай, дык слушнай парадай з уласнага досведу.
  • Заўзятар — як любой футбольнай камандзе патрэбныя фанаты, так і нам неабходны сябар з падтрымкай і верай у вас. Верай, што вы, калі захочаце, зможаце многае.
  • Рознабаковая асоба — жыўчык, які і сам на месцы не сядзіць, і вам прадаўліваць канапу не дасць. Ён будзе цягнуць вас у горы, на танцы, у вялікі свет, а вы не надта моцна супраціўляйцеся гэтаму.
  • Супернік — здаровы дух спаборніцтва, празрыстая канкурэнцыя, без падставаў і падножак. Такі сябар дапаможа вам стаць лепшай версіяй сябе ў многіх сферах.
  • Гумарыст — падарунак, а не сябар. Заўсёды развесяліць, нават калі смяяцца зусім не хочацца.


Таксама раім вам паглядзець нашы "Медытацыі па-беларуску"