Чаму перанеслі абласныя дажынкі ў Клічаве?
З 2014-га ў нас няма рэспубліканскіх Дажынак, але праходзяць абласныя і
раённыя. Свята ўраджаю ў Клічаве павінна было прайсці тыдзень таму, але перанесена на 7
кастрычніка. Менавіта тады і збяруцца ў горадзе аграрыі
Магілёўскай вобласці.
Актыўная падрыхтоўка да дажынак пачалася яшчэ ўвесну: жыхары атрымалі ад
прадстаўнікоў ЖКГ вусныя пажаданні па добраўпарадкаванні падворкаў. Справа ў
тым, што значная частка горада занятая прыватным сектарам, гаспадары кватэр таксама
часта маюць таксама хлявы, агароды і лазні, трымаюць кур, парсюкоў і нават кароў.
Спачатку планавалася “татальная зачыстка”: руйнаванне ўсіх незарэгістраваных пабудоў, нават лазняў у глыбокіх зарасніках вярбы. Ды яшчэ і рукамі саміх гаспадароў.
Сваёй маёмасці людзям было, канечне, шкада. Той-сёй разабраў
загарадкі, прыбраў дровы за хлеў, але пабудоў не краналі.
Тады ўжо ў жніўні ад райвыканкама паступіла новая прапанова:
не хочаце зносіць — паставім платы, каб ваш самабуд не было бачна ад шашы.
Паставім за ваш кошт, просім здаць па 100 рублёў з кватэры. Гэта для людзей з пенсіяй
у 220 рублёў — вялікая сума... Але платы паставілі ды прыстроілі да іх шчыты з
беларускім арнаментам.
Акрамя платоў горад "прырос" рознага роду бігбордамі і малымі архітэктурнымі формамі. Цягнічок Клічаву чамусьці падараваў Аблгаз, а фігуру каровы, кажуць, прывезлі з Асіповічаў. У горадзе паболела спартовых пляцовак, абяцаюць запусціць фантан, які шмат гадоў не працаваў.
Затое з цэнтральнай вуліцы Ленінскай знікла частка дрэў і
палісаднікаў, замест якіх засталася голая зямля. Перанеслі помнік правадыру
пралетарыяту: раней Ільіч стаяў у цэнтры плошчы, а цяпер адсунуты ў цень
будынка гарвыканкама, на значна ніжэйшы пастамент. Дарэчы, пра вольную руку Ільіча, якой ён паказвае не наперад, а троху
ўбок, ёсць гарадская легенда: быццам бы за савецкім часам на ёй нехта
павесіўся.
Частая праблема святаў такога маштабу — хуткая і бязглуздая рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў — Клічаў мінула. Проста таму, што помнікаў тут практычна няма. Раён больш знакаміты сваёй партызанскай зонай.
Праўда ўстановы культуры пасля выхаду рамана "Надбярэзінцы" паціху асвойваюць брэнд Фларыяна Чарнышэвіча. Пра пісьменніка можна будзе даведацца падчас Дажынак на стэндзе раённай бібліятэкі.
Стаўленне мясцовых жыхароў да Дажынак рознае. Адным падабаецца, што горад хоць троху ўпарадкавалі. Іншыя кажуць, што "ўсё парадкаванне — за нашы грошы, і невядома яшчэ, ці яно ўсё не пасыпіцца праз тыдзень".
Мясцовыя жыхары кажуць, што "выканкам не паспеў усё закапаць, што раскапаў". Таму і перанеслі абласныя дажынкі. Тым не менш, 30 верасня адбудзецца "генеральная рэпетыцыя" — раённыя Дажынкі.
А тым часам добраўпарадкаванне горада працягваецца. Дзе-нідзе яшчэ не дакладзены асфальт, фарбуюць альтанкі. Клічаў, як тая Папялушка, рыхтуецца да бала.
Фота аўтара