Чарговы прысуд за абразу супрацоўніка ДАІ Вольніча — 1,5 года «хіміі»

1 чэрвеня 2022 года ў судзе Першамайскага раёна Віцебска вынесены прысуд Валерыю Елісееву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — «хіміі».

Кадр з нашумелага відэа, Ігар Вольніч трымае нагу на галаве пратэстоўца

Кадр з нашумелага відэа, Ігар Вольніч трымае нагу на галаве пратэстоўца


Акрамя прысуджанага тэрміну, як сродак злачынства быў канфіскаваны тэлефон Елісеева. Абвінавачаны таксама мусіць часткова кампенсаваць пазоў пацярпелага Ігара Вольніча і выплаціць яму 100 рублёў. Акрамя гэтага, 500 рублёў Елісееў пералічыў Вольнічу падчас пасяджэння. Пацярпелы прасіў выплаціць яму 1500 рублёў. Таксама Елісееў павінен выплаціць дзяржпошліну ў памеры 96 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
Абвінавачаны знаходзіўся пад вартай з 5 па 8 красавіка 2022 года.
Згодна з абвінавачваннем, 21 чэрвеня 2020 года, знаходзячыся ў Расіі, Валерый Елісееў пакінуў каментар «Повесить гада» ў дачыненні да ганцавіцкага супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. У сацсетцы «Аднакласнікі» ён размясціў на старонцы Вольгі Карач тэкст і каментар, якія утрымлівалі лаянкавыя нецэнзурныя выказванні ў дачыненні да Вольніча, што «ацэньвалі яго негатыўна» і «зневажалі гонар і годнасць».
Валеры Елісееў прызнаў віну.
Ігар Вольніч не з’явіўся на суд, але даслаў заяву, у якой папрасіў кампенсаваць яму 1500 рублёў. Ён заявіў, што зневажальны каментар, які апублікаваў абвінавачаны, быў накіраваны на тое, каб яго прачыталі як мага болей людзей, ён «паглыбіў душэўны стан Вольніча». Супрацоўнік ДАІ запэўніваў суд, што «дзеянні, учыненыя абвінавачаным, сталі для яго шокам, прычынілі яму маральныя пакуты, абурэнне, горыч і крыўду». Таксама ён наракаў на тое, што паведамленне бачылі яго сваякі і блізкія, і гэта негатыўна адбілася на іх маральным стане.
Нагадаем, супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч стаў знакамітым пасля нашумелага здымка, на якім ён душыць пратэстоўца, каленам упіраючыся яму ў шыю, на ганцавіцкай плошчы. Акрамя справы Елісеева вядома як мінімум яшчэ шэсць кейсаў, у якіх у якасці пацярпелага фігуруе Вольніч. Усе яны звязаныя з «абразлівымі каментарамі», і ва ўсіх Вольніч патрабаваў маральнай кампенсацыі.