Час дапамагаць: выручка ад новай серыі гадзіннікаў «Луч» пойдзе на дапамогу беларускім медыкам
23 красавіка Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» запусціў у продаж дабрачынную серыю гадзіннікаў «Час дапамагаць». Новая мадэль створана для таго, каб дапамагчы медыцынскім работнікам падчас эпідэміі: усе атрыманыя сродкі пойдуць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя.

На цыферблаце гадзіннікаў выгравіраваны надпіс: «Мая дапамога ўрачам супраць COVID-19». На заднім вечку корпуса вытворца змясціў словы падзякі медыцынскім работнікам на 17 мовах. Акрамя беларускага «дзякуй», там можна знайсці англійскае «thank you», украінскае «дякуємо», французскае «merci», польскае «dziękuję» і іншыя моўныя варыянты. Латуневы корпус дапаўняе яркі чырвоны нейлонавы раменьчык, які стане адметным знакам неабыякавага ўдзельніка акцыі. Мадэль устойлівая да ўздзеяння вільгаці: гадзіннік не баіцца кропель дажджу і пырскаў ад мыцця рук.


«Выпускам гэтых гадзіннікаў мы хочам сказаць «дзякуй» медыцынскім работнікам, якія ў гэты няпросты час ратуюць нашы жыцці. Мы назвалі мадэль «Час дапамагаць». Зараз той час, калі многія беларусы імкнуцца ўнесці свой уклад у дапамогу медыкам: хтосьці шые ахоўныя маскі і касцюмы, хтосьці рыхтуе і перадае гарачыя абеды, нехта ладзіць дабрачынныя канцэрты. Гэтыя гадзіннікі – яшчэ адна магчымасць матэрыяльна дапамагчы нашым урачам, а таксама напамін для нас, што пры кожным руху стрэлак цыферблата медыкі рызыкуюць сваімі жыццямі, каб захаваць нашы», – адзначае арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Іван Краўчэня.

Для Мінскага гадзіннікавага завода гэтая дабрачынная акцыя – не першая ў перыяд каронавірусной эпідэміі. У сакавіку «Луч» адгукнуўся на запыт аб дапамозе ад медыкаў 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М.Я. Саўчанкі і пералічыў сродкі на закупку шматразовых ахоўных медыцынскіх касцюмаў. Таксама, калі заводу стала вядома, што інфекцыйная бальніца мае патрэбу ў аснашчэнні палат насценнымі гадзіннікамі, – неабходная колькасць была перададзена медыцынскай установе.

Гадзіннікі мадэлі «Час дапамагаць» ужо даступныя для заказу на афіцыйным сайце Мінскага гадзіннікавага завода. Кошт 69 BYN. Заказваючы, можна выбраць функцыю дастаўкі без кантакту з кур’ерам. Новую мадэль таксама можна набыць у афіцыйных крамах «Луч» па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 18 і 95.