Жыхара Рагачоўскага раёна аштрафавалі на 810 рублёў за парушэнне самаізаляцыі

На Гомельшчыне працягваюцца мерапрыемствы па кантролі за выкананнем грамадзянамі патрабавання па самаізаляцыі. Адказнасць за прытрымліванне гэтым правілам, у першую чаргу, ляжыць на саміх кантактных асобах, але без увагі з боку дзяржавы яны не застаюцца.

samaizal.jpg

Не стала выключэннем і Рагачоўская зямля. Сфармаваныя рэйдавыя групы з медыкаў і міліцыянтаў штодня выязджаюць па адрасах. З тымі, хто на «перадавой», праводзяць абавязковы інструктаж. І хай усе правілы паводзін агучаны не раз і даўно засвоены — парадак ёсць парадак. Пасля грунтоўнага планавання маршруту аўтамабіль адпраўляецца ў шлях.
Першы адрас. Звычайная шматпавярхоўка, пад пад’ездам на лавачцы сядзяць двое пажылых мужчын, хітра пераглядваюцца. Усім цікава да каго прыехалі медыкі і чаму. Жанчына з торбамі не ўтрымліваецца і пытаецца: «А вы да каго? Забіраеце кагосьці?». Міліцыянт усміхаецца, лекары бадзёра адказваюць: «Не хвалюйцеся. Звычайная праверка на хаце".

samaizal_2.jpg

Правяраная Святлана Мікалаеўна. Жанчына ўжо пенсіянерка, тэрмін яе самаізаляцыі падыходзіць да канца. Сёння апошні дзень вымушанага самакантролю. На самаадчуванне не скардзіцца, самаізаляцыю вытрымала стойка. З паходам па прадукты дапамагалі блізкія і суседзі, смецце з выкананнем мер бяспекі выносіла сама. Лічыць, што дзяржава ўсё робіць правільна. Дзякуе за клопат.
Рагачоў — гарадок не вялікі. Літаральна праз пару хвілін язды па райцэнтры наступны адрас. У гэты раз правяраемы малады мужчына — кіроўца-міжнароднік. Вымушаныя абмежавальныя меры пераносіць ужо тыдзень, на здароўе не скардзіцца. Усё разумее, аднак ад гутаркі адмаўляецца. У адрозненне ад Святланы Мікалаеўны публічнасць не любіць.

samaizal_3.jpg

У цяперашні час у Рагачоўскім раёне ў рэжыме самаізаляцыі знаходзяцца 49 чалавек. Сітуацыя на кантролі раённага аддзела ўнутраных спраў і медыкаў. Зрэшты, у раёне былі выяўлены парушэнні рэжыму. У дачыненні да парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Як распавёў часова выконваючы абавязкі начальніка Рагачоўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Гулевіч, мабільная група правярае як мага больш людзей. Але нашы грамадзяне не заўсёды праяўляюць свядомасць. Пра гэта сведчаць два факты здзяйснення супрацьпраўных дзей па невыкананню дадзенай меры бяспекі. Таму мы вымушаныя паступаць такім чынам.
У дачыненні да жыхара раёна, які самавольна пакінуў месца жыхарства і выехаў у Бабруйск, з яго слоў, па працоўных справах, адміністрацыйныя матэрыялы разгледжаны ў судзе. Служкі Феміды ацанілі сабраныя матэрыялы і вынеслі рашэнне — падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).

samaizal_4.jpg

У гэты ж дзень у суседнім Жлобіне разгледзелі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да мясцовага парушальніка самаізаляцыі. Пры праверцы па месцы жыхарства мужчыны дома не аказалася. Намаганнямі аператыўнікаў ён быў знойдзены ў адной з вёсак раёна, а па тэлефоне ён паведаміў, што выйшаў у бліжэйшы магазін. Суд прызначыў мужчыну аналагічнае пакаранне — 30 базавых велічынь.

Пазіцыя органаў унутраных спраў па гэтым пытанні простая — грамадзяне павінны быць самі зацікаўлены ў захаванні рэжыму самаізаляцыі. Пакаранні, штрафы не з’яўляюцца мэтай. Галоўнае — забяспечыць бяспеку.
Паводле gomel.mvd.gov.by