Да 5 гадоў калоніі. Вынесены прысуд 10 берасцейцам па справе «пудзілаў-рэек»
У судзе Ленінскага раёна Брэста 18 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (артыкул 309 Крымінальнага кодэкса), а таксама за развешванне пудзілаў у абласным цэнтры (ч. 2 артыкула 339 — «Хуліганства, здзейсненае групай асоб») і падпал аўтапакрышак.
Справу разглядаў суддзя Семянчук. Усяго па справе праходзілі дзесяць чалавек, піша «Вясна».
Ім ставіліся ў віну некалькі эпізодаў: вывешванне пудзілаў у
розных месцах горада, закідванне яйкамі і камянямі апорнага пункту міліцыі,
падпал ноччу на бязлюднай вуліцы аўтамабільных пакрышак, размаляваны кіёск «Табакерка». Усё гэта расцэнена як «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК), «асабліва злоснае хуліганства» (ч. 3 арт. 339 КК).
Таксама ставіцца ў віну злачынства па ч. 1 ст. 309 КК («Наўмыснае прывядзенне ў
непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін») за замыканне чыгуначных
рэек металічнай дротам.
На стадыі судовых спрэчак абвінавачанне па ч. 3 арт. 339 КК
было перакваліфікавана на ч. 2 арт. 339 (гэта значыць, з «асабліва злоснага
хуліганства» на «злоснае хуліганства»). Абвінавачанне паводле
арт. 309 КК за замыканне рэек дротам засталося.
Суддзя Семянчук 18 траўня прызнаў усіх вінаватымі і вынес
наступныя пакаранні:
Камбулю Яўгену — 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
Сяргею Сілічу — 4 гады калоніі агульнага рэжыму;
Сілюку Максіму — 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
Пыцелю Максіму — 3 гады калоніі агульнага рэжыму;
Сыраватка Вользе — 2 гады калоніі агульнага рэжыму;
Барынавай Наталлі — 1 год калоніі агульнага рэжыму;
Муратава Наталля — 1 год калоніі агульнага рэжыму;
Красоўскаму Сяргею — 2 гады калоніі агульнага рэжыму;
Кацюбку Уладзіміру — 1 год 6 месяцаў калоніі агульнага
рэжыму;
Сілянок Марыне — 1 год 6 месяцаў «хіміі».
За якія дзеянні іх прызналі вінаватымі:
- блакаванне рэек з дапамогай дроту;
- размалёўванне кіёска «Табакерка»;
- вывешванне некалькіх пудзілаў. На іх былі лісты з надпісамі «мент», «АМАП», «хлус нумар адзін»;
- падпал ноччу на пустой дарозе 3 пакрышак;
- закідванне яйкамі і камянямі апорнага пункта міліцыі;
- нанясенне «пратэсных» надпісаў на плот
(«97%», «Верым, можам, пераможам», «"не" фашызму» і
іншых).