Да года калоніі. Па брэсцкай «справе карагодаў» пакаралі яшчэ 14 чалавек
Па «справе карагодаў» абвінавачваюць больш за 70 чалавек — гэта адна з самых
масавых «палітычных спраў» у Беларусі. Асудзілі па ёй ужо 32 чалавекі.
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня асудзілі яшчэ 14 фігурантаў па «справе карагодаў» па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам.
Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла пакаранне ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 года калоніі. Колькасць абвінавачаных па «справе карагодаў» ўжо больш за 70 чалавек — гэта адна з самых масавых «палітычных спраў» у Беларусі. Брэсцкія суды асудзілі па гэтай справе ўжо 32 чалавекі.
Як перадае брэсцкая «Вясна», суд палічыў даказанай віну 14 чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў наступныя пакаранні:
• палітзняволенаму грамадзяніну Расіі Данілу Чамаданаву — 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7);
• мясцовай актывістцы Алене Гнаук, Марыі Скакавец і Васілю Чарнецкаму — 2 гады «хатняй хіміі»;
• Сяргею Наліўку і Кірылу Луду, студэнтам Уладзіславу Навіцкаму і Радзівону Кандрацюку — 2 гады «хіміі»;
• Вікторыі і Алене Лысковіч (маці і дачка) — 1,5 года «хіміі»;
• лекару Юрыю Чубрыку, Валянціне Жукоўскай, маці чатырох дзяцей Людміле Луцкай — 1,5 года «хатняй хіміі».
Жукоўская і Наліўка былі ў другой «партыі» абвінавачаных, якім ужо вынеслі прысуд, але з-за немагчымасці ўдзельнічаць у працэсе па стане здароўя іх справу вылучылі ў асобную вытворчасць. Усяго ж фігурантамі крымінальнай справы за карагод 13 верасня мінулага года ўжо з'яўляюцца больш за 70 чалавек.
У чым іх усіх абвінавацілі?
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы шкода ў 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — у 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца тром шапікам і рэстарану KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі Аўтобусны парк». Абвінавачанне прад'яўленае па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
З чатырнаццаці чалавек віну прызнаў толькі Даніла Чамаданаў, які знаходзіцца пад вартай ужо амаль тры месяцы. Яшчэ пяцёра прызналі віну часткова. Астатнія восем чалавек не пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем.