Грыбаўскайтэ: ЕС абавязаны ацаніць інструменты абмежавання імпарту электраэнергіі з БелАЭС
Еўрапейскі саюз абавязаны вельмі сур'ёзна ацаніць магчымасці і патэнцыйныя інструменты абмежавання імпарту на рынак ЕС электраэнергіі, вырабленай на Беларускай АЭС у Астраўцы, заявіла прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ 22 лютага ў Вільнюсе на сустрэчы з віцэ-старшынёй Еўрапейскай камісіі па пытаннях энергетычнага саюза ЕС Марашам Шафчовічам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Літвы.
Фота Reuters
Паводле слоў Грыбаўскайтэ, Астравецкая АЭС не павінна ствараць дадатковыя перашкоды ні для вытворчасці электраэнергіі ўнутры краіны, ні для павышэння эфектыўнасці энергаспажывання або сінхранізацыі сетак балтыйскіх краін з сеткамі кантынентальнай Еўропы.
Асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная пытанням бяспекі Беларускай АЭС, якая будуецца. "Мы ўсе памятаем пра чарнобыльскую трагедыю. Небяспечныя, не адпаведныя міжнародным стандартам
атамныя электрастанцыі — пагроза для ўсіх жыхароў Еўропы. Таму сумеснымі намаганнямі ЕС і ўсёй міжнароднай супольнасці мы абавязаныя патрабаваць, каб астравецкая АЭС адпавядала самым
жорсткім міжнародным стандартам бяспекі, была праведзеная празрыстая і незалежная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, праведзеныя ацэнкі рызыкі і бяспекі", — сказала
Грыбаўскайтэ.
У Літвы неспакой выклікаюць заявы ўладаў Беларусі аб тым, што АЭС у Астраўцы будзе самай таннай у свеце. Як сцвярджаецца ў паведамленні, будаўніцтва АЭС вядзецца паспешліва і без захавання стандартаў
якасці. Да цяперашняга часу не выкананыя ацэнкі рызыкі і бяспекі, дзякуючы якім можна вызначыць, ці здольная атамная электрастанцыя бяспечна функцыянаваць пры самых неспрыяльных умовах. Ацэнка
ўздзеяння на навакольнае асяроддзе зробленая непразрыста і не адпавядае прадугледжаным Канвенцыяй Эспа патрабаванням, парушэнні прызнаныя і Орхускай канвенцыяй. Экспертам Міжнароднага агенцтва па
атамнай энергіі (МАГАТЭ) не дазваляецца правесці незалежную ацэнку месца будаўніцтва астравецкай АЭС.
Беларуская АЭС узводзіцца прыкладна за 20 кіламетраў ад Астраўца (Гродзенская вобласць) паводле праекта расійскай кампаніі "Атамстройэкспарт". Генеральным праекціроўшчыкам і
падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ". Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у
эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га.
Аляксей Арэшка, БелаПАН