Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не выключае ў хуткім часе рэферэндуму па змене Канстытуцыі

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве Уладзімір Чаравач заявіў БелаПАН, што не выключае правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі ў хуткім часе ў сувязі з судовай рэформай.



1378114331_1360739142_referendum.jpg

Заява была зробленая перад заключнай канферэнцыяй ПРААН "Садзейнічанне ўдасканаленню судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь шляхам спецыялізацыі судоў" у Мінску 7 лютага.


Так дэпутат пракаментаваў наяўнасць у Канстытуцыі "мёртвых" норм, якія згадваюць скасаваны з 1 студзеня 2014 года Вышэйшы гаспадарчы суд пасля аб'яднання судоў агульнай і гаспадарчай юрысдыкцыі.


"Я думаю, Канстытуцыя ў гэтым плане будзе скарэктаваная, таму што патрэбна ўнясенне зменаў", — зазначыў Чаравач. На ўдакладненне БелаПАН, што нормы аб Вышэйшым гаспадарчым судзе знаходзяцца ў IV раздзеле Канстытуцыі, які можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму, дэпутат адказаў: "Я думаю, што такім шляхам і будзе праведзена".


"Іншая рэч, калі гэта будзе зроблена. Зараз гэта нявызначана, пакуль гэта пытанне не стаяла на парадку дня", — заявіў Уладзімір Чаравач, падкрэсліўшы пры гэтым, што Палата прадстаўнікоў, "безумоўна", зоймецца ліквідацыяй гэтай неадпаведнасці "ў хуткім часе".


Апрача таго, паводле слоў дэпутата, гаспадарчыя працэсуальныя нормы працягнуць дзейнічаць у поўным аб'ёме пры разглядзе эканамічных спрэчак.


"Я думаю, тая нарматыўная база, якая маецца, будзе дзейнічаць у межах Аб'яднанай сістэмы Вярхоўнага суда. Эканамічныя суды з'яўляюцца састаўной часткай судовай сістэмы, таму ўсе працэсуальныя дакументы, уключаючы Гаспадарчы працэсуальны кодэкс, будуць дзейнічаць", — заявіў Чаравач.


Нагадаем, у адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта № 6 і шэрагам указаў прэзідэнта з 1 студзеня 2014 года агульныя і гаспадарчыя суды аб'ядноўваюцца ў адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. Узначаліць гэту сістэму адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах — Вярхоўны суд. Пры гэтым гаспадарчыя суды абласцей і Мінска будуць перайменаваныя ў эканамічныя і працягнуць сваё функцыянаванне як суды адпаведнай спецыялізацыі. Арцём Шрайбман, БелаПАН