Дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» пра бомбу раней, чым атрымалі ліст?

Беларускія дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» аб мініраванні самалёта на 24 хвіліны раней, чым самі атрымалі паведамленне пра бомбу. Прынамсі, так вынікае з копіі мэйла з пагрозамі, што атрымалі ў аэрапорце, паведамляе «Еўрарадыё».

listch.jpg

Некамерцыйны цэнтр «Дасье» Міхаіла Хадаркоўскага атрымаў і прааналізаваў (сумесна з выданнямі «The Daily Beast» і «Der Spiegel») копію мэйла, адпраўленага «салдатамі ХАМАС» у мінскі аэрапорт. З яе вынікае, што беларускія дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» аб мініраванні самалёта на 24 хвіліны раней, чым самі атрымалі паведамленне пра бомбу.

Паводле версіі «Дасье», ліст з пагрозамі атрымала і адміністрацыя «Літоўскіх аэрапортаў». А вось ва ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі Грэцыі пагроз не прыходзіла.

Паводле версіі афіцыйнага Мінска, дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» пра бомбу пасля атрымання ліста на электронную пошту. 26 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён прыйшоў са Швейцарыі. «ХАМАС, не ХАМАС — гэта сёння не мае значэння», — сказаў ён. Як вядома, гэты рух афіцыйна абверг сваё дачыненне да адпраўкі ліста.