Дзянісу Івашыну выставілі абвінавачанне

Гродзенскаму журналісту-даследчыку Дзянісу Івашыну, якога затрымалі 12 сакавіка ў пад’ездзе дома, дзе ён жыве, выставілі абвінавачанне.

70261939_459996527919306_6208039969810808832_n_logo_1.jpg

Пра гэта паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына:
 Справай займаецца КДБ. Урэшце сёння выставілі абвінавачанне. Артыкул 365. Ён паспеў з адвакатам скласці дзве скаргі: на незаконнае затрыманне і незаконнае ўзбуджэнне крымінальнай справы. Ён працягвае змагацца, адчувае сябе ўпэўнена. Абсалютна спакойны. Перадае праз адваката тое, што яму трэба. Будзем перадаваць.
Паводле слоў Вольгі Івашынай, Дзяніс перадае ўсім прывітанні і дзякуе за падтрымку.
— Дзякуе ўсім за падтрымку. Просіць, каб працягвалі пісаць. Просіць падпісаць яго на нейкія сродкі масавай інфармацыі. Ведаю, што яго ўжо мусілі падпісаць на «Новы Час». Падумаем, можа яшчэ якія выданні для яго знойдзем.
Дзяніс Івашын — рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці «InformNapalm», дзе ён працуе з 2014 года, а таксама пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы Час» з 2018-га. Апошнія яго расследаванні былі звязаныя з былымі байцамі ўкраінскага «Беркута».
racyja.com