Дзяржаве не спадабаўся ложак у майстэрні Цэслера — мастаку ўзнялі арэнду ў 4 разы

Камітэт дзяржкантролю (КДК) правёў маніторынг творчых майстэрняў беларускіх мастакоў і дызайнераў.

photo_2020_01_21_18_40_07.jpg

Зараз іх пазбаўляюць права на льготную арэнду і выстаўляюць непад'ёмныя рахункі — да 50 тысяч долараў, піша TUT.by. У Беларускім саюзе дызайнераў (БСД), які з'яўляецца арандатарам, баяцца, што гэта знішчыць аб'яднанне — такіх грошай няма ні ў саюза, ні ў творчых работнікаў.
У БСД журналістам расказалі, што Камітэт дзяржаўнага кантролю запытаў адрасы майстэрняў і дадзеныя аб даходах Саюза. Затым правяраючыя прайшліся па майстэрнях усіх творчых саюзаў (мастакоў, дызайнераў і архітэктараў), склалі акты, дзе апісвалі, што знаходзіцца ў памяшканнях. А потым загадалі павысіць арэндную стаўку.
Па законе, творчыя работнікі могуць плаціць па льготнай цане — каэфіцыент 0,1 ад поўнага кошту. Але ў КДК палічылі, што ў майстэрнях вядзецца прадпрымальніцкая дзейнасць, таму ніякіх ільгот быць не павінна. «Заўсёды ў майстэрнях працавалі мастакі, яны стваралі свае творы, якія ў выніку прадаваліся — у музеі, у прыватныя калекцыі. Творчая майстэрня — гэта працоўнае месца», — патлумачылі прадстаўнікі БСД TUT.by.
У Беларускага саюза дызайнераў — 60 такіх майстэрняў, парадку 30 знаходзіцца ў Мінску. У дачыненні да васьмі майстэрняў вынесеныя прадпісанні. Але рахункі пакуль выставілі дызайнерам. «Максіму Карасю налічылі больш за 98 тысяч рублёў. Зразумела, што такіх грошай няма ні ў яго, ні ў саюза, мы за год можам максімум сабраць 30 тысяч рублёў і тое, калі ўсё заплацяць ўзносы», — падкрэслілі ў БСД.
Яшчэ адна падстава для прэтэнзій: некаторыя мастакі і дызайнеры з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Але яны ў свой час адкрылі ІП, каб легалізавацца, інакш іх гразіліся прыцягнуць да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. «Людзі ў жаху сталі адкрываць ІП. А зараз аказваецца, раз адкрылі ІП, значыць, вы ўжо не творчыя работнікі — і мы будзем вас душыць. Гэта зусім несправядліва», — сцвярджае прадстаўнік БСД Дзмітрый Сурскі.
У гутарцы з TUT.by вядомы мастак Уладзімір Цэслер заявіў, што пасля візіту правяраючых арэндную плату за майстэрню яму паднялі з 400 даляраў да 1,5 тысяч долараў у месяц. Пенсія Цэслера, якому амаль 70 гадоў, — каля сотні даляраў; цяпер арэнда каштуе для яго не чатыры пенсіі, а 15. Пытанні выклікаў ложак і тое, што мастак у свой час зарэгістраваў ІП, каб легалізаваць даход і плаціць падаткі. «1,5 тысячы долараў у месяц я плаціць не змагу, таму прыйдзецца адмовіцца ад майстэрні. Значыць, не буду працаваць, значыць, ім так трэба», — рэзюмаваў Цэслер.
Паводле kyky.org