Дзве тысячы рублёў за каментар у Telegram патрабуюць міліцыянты ад маці ў дэкрэце

У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 21 траўня пачаўся суд над Ірынай Барздовай за абразу супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).

barzdova_02.jpg

Справу разглядае суддзя Васіль Галкоўскі.
Пацярпелыя – намеснік начальніка аддзела міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Сябецкі і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама Сяргей Рудзько.
Па матэрыялах следства, Барздова ў кастрычніку мінулага года ў адным з тэлеграм-каналаў эмацыйна выказалася пад запісам пра двух знаёмых міліцыянтаў. Праз некалькі дзён да жанчыны прыйшлі з ператрусам і паведамілі, што супраць яе распачалі крымінальную справу. апісвае акалічнасці справы Белсат.
Ірыне пагражае штраф ці да трох гадоў «хатняй хіміі». Акрамя таго, абодва прызнаныя пацярпелымі міліцыянты запатрабавалі грашовую кампенсацыю за маральныя пакуты.

«МАГЧЫМА, НАПІСАЛА НЕШТА НЕ САМАЕ ПРЫЕМНАЕ, АЛЕ НЕ ЛІЧУ, ШТО АБРАЗІЛА»

На паседжанні Ірына пацвердзіла, што напісала той каментар, але зазначыла, што не лічыць яго абразлівым. Жанчына патлумачыла, што не мела на мэце некага прынізіць, а выказалася эмацыйна. Абодвух міліцыянтаў яна ведала раней са станоўчага боку, а тут убачыла, што пра іх паўсюль пішуць у негатыўным ключы, праз што расчаравалася ў іх, была закранутая і не змагла прайсці міма.
Калі б я іх не ведала, нічога б не пісала, – казала Ірына ў судзе. – Магчыма, я напісала нешта не самае прыемнае для іх, але лічу, што дакладна там не было нічога абразлівага.

ПАСЛЯ СЮЖЭТУ НА БТ У БАЦЬКОЎ ПАДНЯЎСЯ ЦІСК

Ірына адзначыла: калі да яе прыходзілі з ператрусам, то не папярэдзілі, што размову з ёю запісваюць на відэа, а пагатоў, што яе выкладуць у YouTube-канале МУС.
Ужо пасля суда Ірына распавяла «Белсату», што тым запісам у публічным доступе была шакаваная і яна, і ейныя бацькі:
15 лістапада мне патэлефанавалі бацькі ў поўным шоку: «Іра, цябе там у тэлевізары паказваюць». Аказалася, і па БТ, і па СТВ той запіс паказалі. Добра яшчэ, што я бацькам адразу распавяла пра візіт міліцыянтаў, але ўсё роўна ў іх падняўся ціск, іх напужаў той сюжэт. Ды я сама як чалавек, які ніколі не сутыкаўся з крымінальнымі справамі і не разбіраюся ў юрыдычных нюансах, паглядзеўшы той сюжэт, падумала, што мяне на тры гады пасадзяць. Бо я не ведала тады розніцы паміж пазбаўленнем і абмежаваннем волі, а яны агучылі ў эфіры, што мне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

 «ПА ЧАЛАВЕКУ Ў МІЛІЦЭЙСКАЙ ФОРМЕ СУДЗЯЦЬ ПРА ЗАКОНЫ ЎСЁЙ КРАІНЫ»

Абодва пацярпелыя міліцыянты на судзе заявілі, што мелі маральныя пакуты пасля каментароў Ірыны.
Я лічу сябе нармальным афіцэрам, які нармальна выконвае свае абавязкі, – казаў падпалкоўнік Сяргей Рудзько. – Яна там пісала, што намі лёгка кіраваць зверху. Такім чынам, яна лічыць мяне марыянеткаю. А я проста выконваю свае службовыя абавязкі. Перш чым пісаць такое, трэба было са мною сустрэцца, задаць пытанні, якія яе цікавілі. Сваім каментаром абвінавачваная падарвала мой аўтарытэт і аўтарытэт усёй міліцыі ў вачах людзей, пасля таго ў іншых тэлеграм-каналах працягнулася негатыўнае ацэньванне мяне і маёй дзейнасці.
Андрэй Сябецкі таксама сказаў, што маральна цярпеў, і працытаваў верш Роберта Раждзественскага «Гонар мундзіра», вылучыўшы словы, што па чалавеку ў міліцэйскай форме «судзяць пра законы ўсёй краіны», а Ірына Барздова сваймі словамі стварыла негатыўны імідж праваахоўных органаў.

 «МНЕ ГЭТЫЯ ГРОШЫ НЕПАТРЭБНЫЯ, ПЕРАДАМ ІХ У ДЗІЦЯЧЫ ДОМ»

Падчас вывучэння матэрыялаў справы суддзя зачытаў заключэнне лінгвістычнай экспертызы, у якім каментар Ірыны быў прызнаны абразлівым.
І Рудзько, і Сябецкі ацанілі свае маральныя пакуты на тысячу беларускіх рублёў. Сябецкі пры гэтым сказаў, што яму асабіста гэтыя грошы непатрэбныя, ён перадасць іх «сіротам у дзіцячы дом».
Ірына цяпер у дэкрэтным адпачынку, у яе трое дзяцей. Старэйшы сын ужо поўнагадовы, сярэдні ходзіць у першы клас, а малодшай дачцэ толькі год і два месяцы. Жанчына падкрэслівае, што дзве тысячы рублёў для ейнай сям’і цяпер – непад’ёмная сума.
Наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 26 траўня.