Дзверы на ключ. Што адбываецца на закрытым судзе над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным?
22 лютага прайшло другое пасяджэнне крымінальнага працэсу аб выдачы медыцынскай таямніцы пра тое, што забіты актывіст Раман Бандарэнка быў цвярозы, распавядае «Свабода».
Другое судовае пасяджэнне пачалося ў 10.30. Працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, дзяржаўны абвінаваўца — Людміла Іваненка, Арцёма Сарокіна абараняе адвакат Вольга Бацюк, Кацярыну Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.
Працэс праходзіць за зачыненымі дзвярыма — так на першым пасяджэнні вырашыў суд.
22 лютага на пасяджэнне выклікалі сведкаў. Першым з іх стаў лекар шпіталя хуткай дапамогі, які лячыў Рамана Бандарэнку.
Паводле яго слоў, выклікаць будуць усіх, хто аказваў яму медыцынскую дапамогу.
Допыт першага калегі Арцёма Сарокіна доўжыўся каля 40
хвілін. З яго ўзятая падпіска аб невыдаванні, таму ён распавёў мала:
«Што сказаць? Самае страшнае адбылося нашмат раней, чым "раскрыццё лекарскай таямніцы". Рады, што ўбачыў Арцёма. Ён і Кацярына трымаюцца
бадзёра».
Да 12-ай гадзіны скончыўся допыт трох сведкаў-лекараў. Пасля
перапынку на абед дапыталі яшчэ двух.
Суд над журналісткай і лекарам можна назваць зачыненым і ў
прамым сэнсе гэтага слова: кожны раз пасля таго, як нехта заходзіць у залю,
дзверы замыкаюць на ключ. Побач на працягу дня дзяжураць прадстаўнікі сілавых
структур: міліцыянты ў форме або супрацоўнікі ў цывільным.
Таму ў зале пасяджэння практычна нікога няма. У першы дзень
падтрымаць лекара і журналістку прыйшло больш за 100 чалавек.
Крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і
Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў
разгалошванні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула
цяжкія наступствы. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — тры гады
пазбаўлення волі.
13 лістапада пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў
артыкул, у якім, са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара, сцвярджалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было выяўлена
спірту. Пры гэтым Лукашэнка заяўляў, што памерлы хлопец быў п’яны.