Фазель сабатуе расследаванне ІІХФ адносна Баскава?

Прынамсі, такія высновы можна зрабіць са звароту Фонду спартыўнай салідарнасці. Ініцыятыва, якую ўзначальвае Аляксандра Герасіменя, працягвае дамагацца санкцый для кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі, якога падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі.

152435664_226836889153714_2991699444344526066_o.jpg

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамленне, якое мае дачыненне да Дзмітрыя Баскава і спецыяльнага расследавання, што праводзіць адносна старшыні ФХБ Міжнародная федэрацыя хакея. Паводле меркавання Фонда, ІІХФ у гэтым напрамку дзейнічае вельмі марудна і неэфектыўна.

У сувязі з гэтым Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікаў нацыянальныя хакейныя федэрацыі розных краін накіраваць лісты ў ІІХФ і запытаць вынікі расследавання па справе Баскава.

«Фонд адправіў лісты ў 37 нацыянальных федэрацый і паведаміў, што ІІХФ працягвае заставацца ў баку ад гэтай гучнай справы, — гаворыцца ў адмысловым прэс-рэлізе Фонда. — Пра тое, што Міжнародная федэрацыя хакея праводзіць сваё незалежнае расследаванне, было абвешчана больш за 2 месяцы таму. Фонд накіраваў у ІІХФ дастатковую колькасць матэрыялаў, у тым ліку журналісцкія расследаванні, злітыя раней у прэсу запісы тэлефонных размоў, а таксама вынікі незалежнага расследавання, праведзенага ініцыятывай ByPol.

Усе матэрыялы ўтрымліваюць доказы таго, што высокапастаўлены чыноўнік, які ўзначальвае Беларускую хакейную федэрацыю, датычны да выкрадання, збіцця і забойства Рамана Бандарэнкі. Аднак ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання ІІХФ і выніках так і не паступіла.

Пры гэтым няма неабходнасці казаць, што адпаведныя і адэкватныя меры па справе г-на Баскава павінны быць прыняты ў тэрміновым парадку. Фонд патрабуе пажыццёвай забароны Баскава на ўдзел у любых хакейных мерапрыемствах і заклікае нацыянальныя федэрацыі ўключыцца ў гэты працэс».

Нагадаем, беларускі мастак Раман Бандарэнка памёр у лякарні 12 лістапада, пасля таго, як напярэдадні вечарам быў збіты ў выніку інцыдэнту на «Плошчы Перамен». Паводле шматлікіх сведчанняў і журналістскіх расследаванняў, у той вечар на «Плошчу Перамен» прыязджалі «неабыякавыя грамадзяне», каб зразаць БЧБ-стужкі — у іх ліку былі людзі, падобныя да старшыні хакейнай федэрацыі Дзмітрыя Баскава і былога байца Дзмітрыя Шакуты.